Мінск 02:57

Лукашэнка прызнаў праблемы ва ўзаемаразліках з В’етнамам

24 кастрычніка, Позірк. Аб наяўнасці масы пытанняў, якія неабходна вырашаць для паглыблення супрацоўніцтва, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм’ер-міністрам В’етнама Фам Мінь Цінем на палях саміту БРІКС у Казані 24 кастрычніка.

Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, прапанаваў, каб міністры замежных спраў Беларусі і В’етнама падумалі і прапанавалі план дзеянняў па вырашэнні пытанняў, якія існуюць на дадзены момант у адносінах дзвюх краін. “Стварылі б такую дарожную карту”, — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, у 2023 годзе краіны “дасягнулі вельмі высокага ўзроўню супрацоўніцтва”, тавараабарот склаў больш за 250 млн долараў ЗША. Пры гэтым ён прызнаў праблему ўзаемаразлікаў і заявіў, што не хацеў бы, “каб В’етнам праз нас трапіў пад нейкія санкцыі”. Адначасова Лукашэнка лічыць, што В’етнам “не так проста цяпер пакараць” — “гэта вельмі магутная, буйная, развітая краіна”.

Лукашэнка звярнуўся да в’етнамскага прэм’ер-міністра з просьбай, “каб падчас наведвання В’етнама кіраўнікамі Нацыянальнага банка Беларусі былі знойдзеныя прымальныя рашэнні для ўзаемаразлікаў”.

Ён таксама ўзгадаў, што падчас свайго візіту ў В’етнам (у 2015 годзе. — “Позірк”.) прапаноўваў “ранейшым кіраўнікам” ствараць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці беларускай тэхнікі на тэрыторыі гэтай краіны і гандляваць ёй на рынку АТЭС.

Сведчаннем “высокага аўтарытэту, вялікага даверу з боку партыі, дзяржавы і народа” назваў (https://aianalyticsweb.com/be/news/110532/) Лукашэнка абранне Лыонг Кыонга прэзідэнтам В’етнама, якое адбылося 21 кастрычніка. У віншавальным пасланні Лукашэнка запрасіў новага прэзідэнта “ў любы зручны час” наведаць Беларусь для абмеркавання пытанняў пашырэння двухбаковых палітычных, эканамічных і гуманітарных сувязяў і плённага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне”.

На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі В’етнама Там Куангам 9 верасня ў Мінску Лукашэнка заявіў (https://aianalyticsweb.com/be/news/104133/), што Беларусь будзе “настолькі актыўная ў стасунках” з Ханоем, наколькі гэта можа дазволіць сабе в’етнамскае кіраўніцтва.

У ліпені Мінскі трактарны завод паведамляў (https://aianalyticsweb.com/be/news/97382/), што разглядае магчымасць арганізацыі зборачнай вытворчасці” ў В’етнаме. 24 ліпеня ў Мінску на сустрэчы генеральнага дырэктара МТЗ Віталя Воўка з кіраўніком в’етнамскай кампаніі New Atlantic International Trading JSC Нгуеном Бао Тхі абмяркоўваліся бліжэйшыя перспектывы развіцця гэтага кірунку.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і В’етнамам устаноўленыя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворана ў амбасадуа ў снежні 1997 года, в’етнамская дыпмісія ў Мінску адкрылася ў канцы 2003-га.

У снежні 2023 года ў Хашыміне адкрыта генеральнае консульства Беларусі.

Паводле інфармацыі МЗС, тавараабарот Беларусі і В’етнама ў 2021 годзе склаў 200,3 млн долараў (беларускі экспарт — 92,9 млн, в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн, адмоўнае сальда — 14,5 млн). Больш свежых звестак у адкрытым доступе няма.

Падзяліцца: