Мінск 23:02

Пададзеныя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, яе ўзначаліў старшыня ФПБ

Фота: Цэнтрвыбаркам

26 кастрычніка, Позірк. Пададзеныя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2025 года, паведамляе Цэнтральная выбарчая камісія.

Групу ўзначаліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Юрый Сянько.

“Падрыхтаваны ўвесь неабходны пакет дакументаў. Пасля рэгістрацыі ў ЦВК, як і прадугледжана законам, члены нашай ініцыятыўнай групы пачнуць збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Нашыя спецыялісты — людзі ўсё падрыхтаваныя. Ведаюць усе патрабаванні па зборы подпісаў”, — цытуе прафсаюзнага функцыянера тэлеграм-канал ФПБ “Народны кантроль”.

Дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнта неабходна падаць у Цэнтрвыбаркам не пазней за 1 лістапада гэтага года. Збор подпісаў пачнецца 7 лістапада.

23 кастрычніка Палата прадстаўнікоў прызначыла прэзідэнцкія выбары на 26 студзеня 2025 года. У той жа дзень Лукашэнка заявіў у інтэрв’ю расійскай прапагандыстцы, карэспандэнту тэлеканала “Россия 1” Вользе Скабеевай, што мае намер “балатавацца на новы тэрмін”.

Пра планы вылучыць сваю кандыдатуру таксама заявіў старшыня праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць на іх “супраць усіх”. Адзначаецца, што галасаванне “супраць усіх” пакажа, што “беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: