Мінск 13:26

УСУ заявілі пра чарговы выпадак уварвання расійскага беспілотніка ў прастору Беларусі (дапоўнена)

Крыніца: global.espreso.tv

дададзеныя абзацы 5–6

26 кастрычніка, Позірк. Пра чарговы выпадак уварвання расійскага беспілотнага лятучага апарата ў прастору Беларусі заявіла 26 кастрычніка камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Паведамляецца, што ўвечары 25 кастрычніка і ў ноч на 26 кастрычніка радыётэхнічныя войскі выявілі 98 сродкаў паветранага нападу, якімі Расія атакавала ўкраінскую тэрыторыю (беспілотнікі — 91, балістычныя ракеты “Іскандэр-М”, паўночнакарэйскія KN-23 — 3, кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59 — 2, ракеты нявызначанага тыпу — 2).

Зафіксавана трапленне ў аб’екты цывільнай інфраструктуры Сумскай вобласці і горада Дняпра, маюцца загінулыя сярод мірных жыхароў.

“На 12:00 пацверджана збіццё 44 варожых БПЛА ў Кіраваградскай, Сумскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай, Чаркаскай, Вінніцкай, Жытомірскай, Хмяльніцкай і Курскай абласцях (у апошнім выпадку, верагодна, гаворка пра падкантрольны Украіне участак Курскай вобласці РФ. — “Позірк”.), — гаворыцца ў паведамленні. — Адзін БПЛА выйшаў з паветранай прасторы ў напрамку Беларусі. 44 расійскія беспілотнікі лакальна страчаныя, яшчэ адзін варожы БПЛА — у паветранай прасторы Украіны”.

Паводле даных маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у ноч і раніцай 26 кастрычніка ў Белдарусь заляцела 7 беспілотнікаў-камікадзэ тыпу “Шахед”. Яны рухаліся ў бок Брагіна (Гомельская вобласць), Пінска і Століна (Брэсцкая вобласць).

Група паведаміла, што яшчэ тры дроны рухаліся ў бок Беларусі, але “іх заход дакладна не пацверджаны”.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі пра залёты на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22 кастрычніка.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібы былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі падаючага беспілотніка.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, рэшткі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца прыгранічным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: