Мінск 17:50

Старшыня Руху “За Свабоду” Губарэвіч падаў дакументы для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта

Юрый Губарэвіч (у цэнтры)
Архіўнае фота: "Позірк"

28 кастрычніка, Позірк. Старшыня ліквідаванага ўладамі Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч накіраваў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву, спіс ініцыятыўнай групы і іншыя дакументы, “неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

“Фармальных абмежаванняў не маю. Крымінальныя справы заводзіліся, але ніводная з іх так і не была даведзена да рашэння суда”, — паведаміў палітык на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

У каментарах да паведамлення ён пашырыў гэтую думку, паведаміўшы, што не мае “ДНЖ іншай краіны”, аспрэчыў контраргумент, што не жыве бесперапынна ў Беларусі, а таксама тое, што ён падаткавы рэзідэнт іншай краіны.

Губарэвіч таксама лічыць, што не абавязаны асабіста прыносіць дакументы ў ЦВК: “Лукашэнка ніколі асабіста дакуманты не прыносіў. Таму будзем абапірацца на існуючую практыку”.

“Сабраць 100 тыс. подпісаў сярод 300-500 тыc. пакінуўшых Беларусь грамадзян лічу цалкам магчымым”, — перакананы Губарэвіч.

Патрабаванні да таго, хто можа быць абраны прэзідэнтам паводле сённяшняга заканадаўства, прыводзяцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале: “Грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які не мае і не меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы або віду на жыхарства ці іншага дакумента, які дае правы на ільготы і іншыя перавагі”.

Старшыня Руху “За Свабоду” знаходзіцца за мяжой. Ён ёсць каардынатарам адукацыйнай кампаніі “Кадравы рэзерв для Новай Беларусі”, якую беларуския ўлады ў траўні 2023 года прызналі “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а з сёлентняга лютага пераследуюць у крымінальным парадку. Палітык таксама з’яўляецца намеснікам прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіте ўлады Паўла Латушкі, абраны ў Каардынацыйную раду ў складзе кааліцыі “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Намер браць у іх удзел да Губарэвіча выказалі Аляксандр Лукашэнка і яго апантаны прыхільнік, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Падзяліцца: