Мінск 07:32

ЦВК зарэгістраваў групу па зборы подпісаў за Лукашэнку, заяўкі Губарэвіча і Драздова адхіленыя (дапоўнена)

Фота: ЦВК

29 кастрычніка, Позірк. Цэнтральная выбарчая камісія 29 кастрычніка зарэгістравала ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2025 года.

Рашэнне, як вынікае з трансляцыі пасяджэння ЦВК, прынята аднагалосна. Заўваг у яго членаў да прадстаўленых дакументаў не было.

На пасяджэнні таксама былі разгледжаныя заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Аляксандра Драздова і Юрыя Губарэвіча. Абедзве аднагалосна адхіленыя.

Драздову (такі чалавек у беларускай палітыцы невядомы) адмоўлена праз няпоўны пералік прадстаўленых у ЦВК дакументаў.

Ініцыятыўная група Губарэвіча не зарэгістраваная, бо адпаведныя дакументы былі накіраваныя ім 28 кастрычніка па электроннай пошце. Удзельнікі пасяджэння заявілі, што дакументы “павінны [непасрэдна] падавацца асобай, якая мае намер вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты або яе прадстаўніком, які ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на падставе аформленай ва ўстаноўленым парадку даверанасці”. “Права прадастаўлення такіх дакументаў па электроннай пошце заканадаўства не прадугледжвае”, — адзначылі ў ЦВК.

На пасяджэнні было адзначана, што Драздоў і Губарэвіч могуць абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ў Вярхоўным судзе.

Старшыня ліквідаванага ўладамі Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч паведаміў 28 кастрычніка, што накіраваў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву, спіс ініцыятыўнай групы і іншыя дакументы, “неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

“Фармальных абмежаванняў не маю. Крымінальныя справы заводзіліся, але ніводная з іх так і не была даведзеная да рашэння суда”, — заявіў палітык.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Намер прыняць у іх удзел выказаў таксама апантаны прыхільнік Лукашэнкі, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. На пасяджэнні 29 кастрычніка ЦВК не разглядаў заяўку на рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы. Тэрмін рэгістрацыі груп заканчваецца 1 лістапада.

Падзяліцца: