Мінск 16:26

“Белавія” адкрывае прамыя рэйсы ў Кітай

Фота: pixabay.com

29 кастрычніка, Позірк. Нацыянальны перавозчык “Белавія” адкрывае рэгулярныя прамыя рэйсы Мінск — Урумчы — Мінск, паведамляецца на сайце авіякампаніі.

Пачатак авіязносін па новым маршруце запланаваны на 16 снежня.

Згодна з зацверджаным раскладам, вылет з Мінска будзе ажыццяўляцца ў 11:10, прыбыццё ва Урумчы — у 22:10. У зваротным кірунку вылет запланаваны на 23:20, прыбыццё ў Мінск — у 01:00 на наступны дзень. У раскладзе пазначаны мясцовы час.

Арыенціровачная працягласць палёту — 6 гадзін 40 хвілін.

Паведамляецца, што квіток у адзін бок будзе каштаваць ад 222 еўра, туды і назад — ад 341 еўра.

“Урумчы — гэта гандлёва-эканамічны і культурны цэнтр паўночнага захаду Кітая і сталіца Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна. Знаходзіцца на скрыжаванні важных транспартных шляхоў, уключаючы сучасны маршрут ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях”, што робіць яго ключавым транспартным вузлом паміж Кітаем, Цэнтральнай Азіяй, Расіяй і Еўропай”, — заяўляецца на сайце перавозчыка.

Падкрэсліваецца, што для наведвання КНР грамадзянам Беларусі віза не патрэбная. Знаходзіцца ў краіне ў такім выпадку можна не больш за 30 дзён падчас адной паездкі і не больш за 90 дзён у каляндарным годзе.

Цяпер “Белавія” ажыццяўляе палёты ў дзесяць краін — Расію, Казахстан, Азербайджан, Грузію, Індыю, Арменію, Турцыю, Узбекістан, ААЭ, Туркменістан.

27 кастрычніка паведамлялася, што “Белавія” абвясціла аб пераходзе на зімовы расклад і павелічэнні колькасці рэйсаў па некалькіх напрамках.

Згодна з абноўленым раскладам, штодзённымі стануць рэйсы з Мінска ў Баку (Азербайджан) і Дубай (ААЭ) — да гэтага было пяць і тры разы на тыдзень адпаведна.

Двойчы на тыдзень (замест аднаго) будзе ажыццяўляцца з 23 лістапада пералёт па маршруце Мінск — Туркменбашы (Туркменістан).

Таксама павялічаная частата палётаў у Маскву (РФ) з Брэста і Гомеля — да чатырох (тры) і сямі (пяць) разоў на тыдзень адпаведна.

29 кастрычніка стала вядома аб прыпыненні да 4 лістапада рэйсаў нацыянальнага перавозчыка з Брэста і Гомеля ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Прычынай скасавання рэйсаў названы “недахоп бартоў праз тэхабслугоўванне”.

Авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак. 7 снежня 2023 года яны былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён.

9 жніўня 2023 года “Белавія” трапіла ў санкцыйны спіс ЗША.

3 лістапада 2023 года генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец прызнаў, што планы па мадэрнізацыі флота самалётаў авіякампаніі “Белавія” былі парушаны праз увядзенне заходніх санкцый.

Падзяліцца: