Мінск 01:27

Еўрапарламент: Выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі

Ілюстрацыйнае фота: Michel Christen / EP

30 кастрычніка, Позірк. “Выбары, якія праводзяцца ў цяперашняй атмасферы страху і рэпрэсій, ва ўмовах, якія супярэчаць усім міжнародна прызнаным стандартам, без магчымасці галасаваць за мяжой і вылучацца ў якасці кандыдатаў, без празрыстай сістэмы падліку галасоў і без удзелу міжнародных назіральнікаў, не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі”, — заявіла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента (ЕП) па Беларусі Малгажата Гасеўска.

Паводле яе слоў, такая пазіцыя змяшчаецца ў спецыяльнай заяве ЕП у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года ў Беларусі.

Спасылаючыся на гэтую заяву, Гасеўска адзначыла, што Еўрапарламент “у сувязі з абвяшчэннем так званых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі” пацвярджае “нязменную падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Беларусі”, “поўную падтрымку дэмакратычнага права беларускага народа абіраць сваіх прадстаўнікоў на свабодных і справядлівых выбарах, якія праводзяцца без умяшання і запалохвання і пад эгідай БДІПЧ АБСЕ, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”.

Еўрапарламент канстатуе, што “пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе” сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі “значна пагоршылася”. Дэпутаты ЕП “рашуча асуджаюць сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання палітычных зняволеных, якія, згодна з дакладам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, могуць прадстаўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці”.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. 23 кастрычніка, у дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведнае рашэнне, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прыме ў іх удзел.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць “супраць усіх”. На іх думку, галасаванне “супраць усіх” пакажа, што “беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

Беларускія ўлады пасля 2020 года не запрашаюць назіральнікаў ад АБСЕ і іншых міжнародных структур, якія крытыкуюць непразрыстасць і недэмакратычнасць выбарчага працэсу. Ва ўжытак уведзены выраз “электаральны суверэнітэт”.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: