Мінск 17:58

Базавая стаўка 1 студзеня павялічыцца на 6,7% да 270 рублёў

Фота: "Позірк"

30 кастрычніка, Позірк. Памер базавай стаўкі 1 студзеня 2025 года будзе павялічаны да 270 рублёў, адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, паведаміла 30 кастрычніка прэс-прэс-служба ўрада.

У папярэдні раз урад падвышаў базавую стаўку 1 верасня — да 253 рублёў. Такім чынам, гэты індыкатар вырасце на 6,7%.

З дапамогай базавай стаўкі праз сістэму каэфіцыентаў і даплат фарміруецца заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы.

У 2022 годзе гэтая стаўка павышалася пяць разоў: з 1 сакавіка — да 208 рублёў, з 1 красавіка — да 209, з 1 траўня — да 210, з 1 верасня — да 211, з 1 лістапада — да 212.

З 1 студзеня 2023 года стаўку паднялі да 228 рублёў, з 1 верасня — да 235.

Раней паведамлялася, што бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва з 1 лістапада 2024 года па 31 студзеня 2025 года складзе 437,8 рубля (+4,8).

Такім чынам, у сярэднім на душу насельніцтва новы памер БПМ вырасце на 1,1% (з 1 жніўня — 433 рублі).

Для працаздольнага насельніцтва БПМ у найбліжэйшыя месяцы будзе складаць 468,58 рубля (462,26; +1,4%), пенсіянераў — 319,93 рубля (314,13; +1,8%), дзяцей: ва ўзросце да трох гадоў — 274,09 рубля (273,78; +0,1%), ва ўзросце ад трох да шасці — 365,59 рубля (365,55; +0,01%), ад шасці да васемнаццаці — 436,16 рубля (428,23; +1,9%).

Ад велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму залежаць у тым ліку дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, сацыяльныя пенсіі, павышэнні і даплаты да пенсій для асобных катэгорый пенсіянераў, дапамога па догляду за інвалідам першай групы альбо за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Падзяліцца: