Мінск 20:45

Кіраўнік МУС ФРГ прапанавала накіраваць на польска-беларускую мяжу сілы Frontex

Кіраўнік МУС Германіі Нэнсі Фэзер на польска-беларускай мяжы
Фота: МУС Польшчы

31 кастрычніка, Позірк. Накіраваць на мяжу з Беларуссю сілы Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) прапанавала міністр унутраных спраў і мясцовых супольнасцяў Германіі Нэнсі Фэзер падчас візіту ў Польшчу 30 кастрычніка.

Паводле яе слоў, у склад місіі можа ўвайсці вялікая колькась нямецкіх паліцыянтаў.

“Тут, на знешняй мяжы ЕС, Польшча робіць важны ўнёсак ва ўмацаванне бяспекі і скарачэнне нерэгулярнай міграцыі (тэрмін, які выкарыстоўваюць еўрапейскія палітыкі замест “нелегальнай міграцыі”. — “Позірк”.) у Еўропу”, — цытуе Фэзер прэс-служба яе ведамства.

На думку міністра, дапамагчы барацьбе з нелегальнай міграцыяй мае агульная еўрапейская палітыка прадастаўлення прытулку, якая павінна быць укаранёная на працягу двух гадоў да чэрвеня 2026 года. Яна прадугледжвае, у прыватнасці, больш справядлівае размеркаванне ўцекачоў у Еўропе, пачатак працэдуры надання прытулку найменш абароненым катэгорыям ўжо на мяжы, мінімальныя стандарты прыёму, утрымання і забеспячэння тых, хто шукае прытулку ў ЕС.

Фэзер адзначыла, што з сярэдзіны верасня паліцыя Германіі кантралюе ўсе наземныя межы краіны. “Разам мы хочам яшчэ больш скараціць нерэгулярную міграцыю, спыніць кантрабандыстаў, пакласці канец злачыннасці, прэвентыўна выяўляць ісламістаў. Гэтая мэта аб’ядноўвае нас — як і меры, якія мы прадпрымае сумесна ў многіх месцах”, — сказала нямецкі міністр у Польшчы.

Як паведаміла Фэзер, службы дзвюх краін кааперуюцца для паляпшэння дарожнай абстаноўкі, каб кантроль на ўнутранай — нямецка-польскай — мяжы Шэнгенскай зоны як мага менш уплываў на грамадзян, якія едуць на працу і вяртаюцца з яе (у нямецкай мове гэта вызначаецца назоўнікам Pendler), гандаль і турызм.

Паводле даных нямецкай паліцыі, за 9 месяцаў 2024 года зафіксавана 64.292 спробы нелегальнага ўезду ў Германію, у тым ліку 6.921 — у верасні. У параўнанні з аналагічным леташнім перыядам напружанасць знізілася: было адпаведна 92.128 і 21.375 спробаў (больш у 1,4 і 3,1 раза).

Паводле статыстыкі, якую вядзе “Позірк” на падставе аператыўных звестак памежных службаў суседніх з Беларуссю краін ЕС, у Польшчу з беларускай тэрыторыі сёлета за 10 месяцаў (без 31 кастрычніка) было здзейснена 28.194 спробы незаконнага пранікнення — на 10,3% больш, чым за ўвесь 2023 год. Па кастрычніку сітуацыя супрацьлеглая: 1.332 спробы сёлета супраць 2.081 летась (зніжэнне ў 1,6 раза).

Падзяліцца: