Мінск 16:59

За 9 месяцаў МПЗ устанавіла 629 фактаў нявыплаты падаходнага падатку

Крыніца: pravo.by

1 лістапада, Позірк. Па выніках праведзеных праверак за дзевяць месяцаў 2024 года ўстаноўлена 629 фактаў нявыплаты падаходнага падатку на агульную суму 74,7 млн рублёў (22,6 млн долараў), паведамляе Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ).

За названы перыяд у адрас суб’ектаў гаспадарання накіравана больш за 44 тыс. апавяшчэнняў аб неабходнасці “добраахвотнай ліквідацыі парушэнняў”, альбо прадастаўлення “адпаведных тлумачэнняў”, адзначылі ў ведамстве.

“Сума падаходнага падатку, які падлягае даплаце, склала 49,1 млн рублёў (14,8 млн долараў. — “Позірк”.)”, — гаворыцца ў паведамленні.

У МПЗ канстатавалі, што “ўтойванне ад падаткаабкладання наяўнай выручкі застаецца адным з асноўных спосабаў фарміравання крыніцы для выплаты заработнай платы”ў канвертах”.

“У ходзе ажыццяўлення кантролю падраздзяленнямі аператыўных мерапрыемстваў падатковых органаў ўстаноўлена ўтоеная суб’ектамі гаспадарання ад падаткаабкладання наяўная выручка ў суме 115,6 млн рублёў”, (34,9 млн долараў. — “Позірк”.) — паведамляе ведамства.

21 траўня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі кантрольнай дзейнасці МПЗ Галіна Кавалёва паведаміла, што ў 2023 годзе падаходны падатак за кошт павелічэння паступленняў стаў першай па значнасці крыніцай фарміравання даходаў бюджэту, на яго долю прыпадае 26,8% усіх падатковых паступленняў. У мінулым годзе на адрас суб’ектаў гаспадарання было накіравана 70 тыс. “паведамленняў і апавяшчэнняў у рамках камеральнага кантролю”, сума да даплаты склала 52 млн рублёў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) у 2023 годзе правёў 62 праверкі, звязаныя з выплатамі заробкаў “у канвертах”. Падчас праверак было выяўлена 103 злачынствы, сума дадаткова прад’яўленага падаходнага падатку і страхавых узносаў склала больш за 24 млн беларускіх рублёў. Пра гэта паведамляў намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) КДК Юрый Кардымон.

Падзяліцца: