Мінск 02:27

Гнёт: Тое, што я не ў беларускай турме — прамое следства перамоваў паміж офісамі Ціханоўскай і Вучыча (дапоўнена)

Андрэй Гнёт, яго адвакаты Ганна Маціеўская (злева) і Марыя Колесава-Гудзіліна на прэс-канферэнцыі ў Берліне 2 лістапада 2024 года
Фота: "Позірк"

2 лістапада, Позірк. “Тое, што я тут, перад вамі, а не ў беларускай турме — прамое следства кантактаў і перамоваў паміж офісамі Святланы Ціханоўскай і сербскага прэзідэнта [Аляксандра] Вучыча”, — заявіў беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт на прэс-канферэнцыі ў Берліне 2 лістапада.

31 кастрычніка стала вядома аб вызваленні Гнёта, які знаходзіўся ў Бялградзе пад хатнім арыштам у рамках судовага працэсу, пачатага Сербіяй на запыт аб экстрадыцыі, што накіравалі беларускія ўлады.

Паводле слоў Гнёта, ягоны кейс з уладамі Сербіі абмяркоўвалі дыпламаты “ўсяго Еўрасаюза, ЗША і Канады”. Аднак ключавая падзея адбылася “некалькі тыдняў таму на міжнароднай канферэнцыі ААН (у межах візіту ў ЗША 22—27 верасня на мерапрыемствы Генеральнай Асамблеі ААН. — “Позірк”.), калі каманда Святланы Ціханоўскай устанавіла прамы кантакт з офісам сербскага прэзідэнта”. “Асобнае дзякуй” Гнёт сказаў дарадцу Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзянісу Кучынскаму, “які і трымаў прамы кантакт”.

Рэжысёр падкрэсліў, што яго вызваленне — вынік шматмесячных намаганняў многіх людзей. У якасці прыкладу ён прывёў зварот спікера Сената Польшчы Малгажаты Кідава-Блоньскай да старшыні сербскага парламента (Народнай скупшчыны) Аны Брнабіч з заклікам забяспечыць Гнёту “і любому іншаму беларускаму палітычнаму ўцекачу” бяспеку і свабоду. Ідэю такога звароту прапанаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на сустрэчы з Кідава-Блоньскай сёлета 8 кастрычніка.

“Сербскі бок паставіўся вельмі эмпатычна, уважліва, пазітыўна”, — адзначыў рэжысёр.

Паводле слоў рэжысёра, Сербію ён пакінуў не як звычайны чалавек. У бялградскі аэрапорт яго прывёз намеснік амбасадара Германіі ў гэтай краіне Карстэн Маер-Віфхаўзен. Мясцовыя сілавыя структуры забяспечылі бесперашкоднае праходжанне пашпартнага кантролю і іншых працэдур. Да пасадкі ў самалёт, куды яго правялі першым з пасажыраў, да Гнёта быў прыстаўлены паліцэйскі-сек’юрыці, паколькі магла пагражаць “фізічная небяспека”.

“У аэрапорце мне былі прапанаваныя дзве опцыі: зала чакання з ахоўнікам альбо паліцэйскі ўчастак. Пасля года залежнасці ад паліцэйскіх я не мог адмовіць. Я апынуўся ў тым жа пакоі, дзе мяне трымалі год таму восем гадзін пасля затрымання. Толькі тады са мной абыходзіліся практычна як з жывёлай, а цяпер мы былі амаль як лепшыя сябры. Прапанавалі каву і спыталі, якую менавіта каву я хачу”, — сказаў Гнёт. Паодле слоў рэжысёра, ён распавядаў паліцыянтам пра Беларусь, тыя яму — пра былога сербскага дыктатара Слабадана Мілошавіча. “Знайшлося шмат “канэктаў”, — адзначыў ён.

Прэс-канферэнцыя Андрэя Гнёта і яго адвакатаў Ганны Маціеўскай і Марыі Колесавай-Гудзілінай 2 лістапада 2024 года ў Берліне
Фота: "Позірк"

Гнёт выказаў удзячнасць сваёй камандзе адвакатаў, у тым ліку прысутным на прэс-канферэнцыі Ганне Маціеўскай і Марыі Колесавай-Гудзілінай, якія суправаджалі яго дыстанцыйна, бо была небяспека іх арышту ў Сербіі па лініі Інтэрпола: у Беларусі яны абвінавачваюцца па 11 крымінальных артыкулах, на пачатку кастрычніка ў кватэры Колесавай-Гудзілінай у Жодзіне адбыўся ператрус.

Паводле слоў Колесавай-Гудзілінай, у дачыненні да прыгнёту ў Сербіі працягваюцца “экстрадыцыйныя працэдуры”, змененая толькі мера стрымання. Самі працэдуры могуць доўжыцца “і год, і дзесяць гадоў”, сербскія адвакаты кажуць, што “ёсць і больш за 10 гадоў”. Таму “нічога не скончылася”, Гнёту можа пагражаць небяспека “ў любой краіне”. “Беларускія ўлады выкарыстоўваюць розныя працэдуры, у тым ліку праз Інтэрпол, для пераследу сваіх апанентаў”, — сказала адвакат.

Абаронцы адзначылі, што ў дзень вылету Гнёта з Бялграда яго старонка ў Інстаграме была прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Паводле іх слоў, беларускія ўлады нарэшце прызналі, што ягоны пераслед палітычна матываваны.

“Хачу, каб я быў першым і апошнім прыкладам несправядлівага абыходжання з беларусамі ў выгнанні. Гэта не толькі пра Сербію, але і пра іншыя краіны, якія не заўсёды ўважліва ставяцца да беларусаў”, — сказаў Гнёт.

Ён выказаў “неверагодную падзяку” ўраду ФРГ за садзейнічанне і адзначыў, што яму патрэбны час “апамятацца”. “Буду мець патрэбу ў міжнароднай абароне, тым больш што рэжым працягвае паляваць за мной”, — заявіў рэжысёр. Паводле слоў Гнёта, гадавое знаходжанне ў Сербіі ва ўмовах несвабоды (каля сямі месяцаў у турме, пяць месяцаў пад хатнім арыштам) абышлося яму не менш чым у 50 тыс. еўра і цяпер ён мае даўгі.

Беларускія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Гнёта з Сербіі, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт.243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

42-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на падставе запыту Беларускага бюро Інтэрпола. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджаў, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае, што яго пераследуюць па палітычных матывах.

Іншыя падрабязнасці:

Андрэй Гнёт на волі (дапоўнена)

Падзяліцца: