Мінск 22:33

Праз вецер парушалася электразабеспячэнне 402 населеных пунктаў — МНС

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінэнерга

3 лістапада, Позірк. Праз моцны вецер парывамі да 24 м/c, які вызначаў надвор’е ў Беларусі 1–2 лістапада, зафіксавана 73 выпадкі падзення дрэў у Брэсцкай (9), Віцебскай (10), Гомельскай (3), Гродзенскай (11), Мінскай (17), Магілёўскай (11) абласцях і Мінску (12), паведамляе МНС.

Паваленымі дрэвамі пашкоджана 12 аўтамабіляў — у Брэсцкай (2), Віцебскай (2), Магілёўскай (3) абласцях і Мінску (5). Таксама пашкоджаны 1 аўтамабільны прычэп-дача ў Мінскай вобласці. Сарваным металічным элементам абліцоўвання фасада шматкватэрнага жылога дома пашкоджана 2 аўтамабілі на вул. Першамайскай у Калінкавічах (Гомельская вобласць). Пацярпелых няма.

Парушалася электразабеспячэнне 402 населеных пунктаў у Брэсцкай (7), Віцебскай (278), Гомельскай (32), Гродзенскай (20), Мінскай (53), Магілёўскай (12) абласцях, 34 сельскагаспадарчых будынкаў і 1.097 трансфарматарных падстанцый.

Па стане на 06:00 3 лістапада электразабеспячэнне спажыўцоў адноўлена, гаворыцца ў паведамленні МНС.

Сёлета ў ліпені з-за ўрагану ў Беларусі загінула 7 чалавек.

Падзяліцца: