Мінск 17:36

Збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дазволена сямі прэтэндэнтам

Ганна Канапацкая, Сяргей Бобрыкаў і Сяргей Сыранкоў на пасяджэнні ЦВК 4 лістапада 2024 года
Скрыншот відэатрансляцыі: "Позірк"

4 лістапада, Позірк. Цэнтральная выбарчая камісія на пасяджэнні 4 лістапада зарэгістравала ініцыятыўныя групы яшчэ трох грамадзян, якія падалі дакументы для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты.

ЦВК разгледзеў дакументы і зарэгістраваў ініцыятыўныя группы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2020 года, былога сябра апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай, генерала ў адстаўцы, кіраўніка праўладнага Беларускага саюза афіцэраў Сяргея Бобрыкава, лідара Кампартыі Беларусі Сяргея Сыранкова.

Прадпрымальніцы Дыяне Кавалёвай адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы: як было сказана на пасяджэнні, няправільна ўказаныя звесткі пра частку членаў групы, і ёй не хапіла неабходнай колькасці людзей для яе рэгістрацыі (75 замест мінімальнай колькасці 100). ЦВК прапанаваў ёй абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе.

Не вядомаму шырокай публіцы Віктару Куляшу таксама адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — ён наогул не падаў спіс. Кулеш можа абскардзіць рашэнне ЦВК у судзе.

Раней ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы чатырох прэтэндэнтаў у прэзідэнты: Аляксандра Лукашэнкі, старшыню праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, кіраўніка праўладнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай.

Адмоўлена (https://aianalyticsweb.com/be/news/111690/) было ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы старшыні Руху “За Свабоду” Юрыю Губарэвічу і Аляксандру Драздову.

Агулам збіраць подпісы, каб зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах-2025, будзе 7 чалавек.

Для правядзення выбараў да 6 лістапада павінна быць сфарміравана 153 тэрытарыяльныя камісіі, у ліку якіх 6 абласных і мінская гарадская, 118 раённых, 4 гарадскіх — у гарадах абласнога падпарадкавання, 24 раённых у гарадах. У камісіі вылучана 1.725 прадстаўнікоў, пераважна прыхільнікі (https://aianalyticsweb.com/be/news/112350/) Лукашэнкі.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп скончыўся 1 лістапада. Збор подпісаў пачынаецца 7 лістапада.

Дэмакратычныя сілы і краіны Захаду не лічаць гэты выбарчы працэс легітымным.

Гл. таксама па тэме аналітычны матэрыял Аляксандра Фрыдмана:

“Любимого не отдают”. Как в Беларуси будут “выбирать” Лукашенко (на рускай мове)

Падзяліцца: