Мінск 10:04

Памёр журналіст Вадзім Доўнар

Крыніца: старонка Вадзіма Доўнара ў "Фэйсбуку"

5 лістапада, Позірк. Беларускі журналіст Вадзім Доўнар памёр 5 лістапада, паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на яго сяброў.

Доўнар нарадзіўся ў Мінску ў 1976 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у “Беларускай дзелавой газеце”, “Радыё Рацыя”, “Беларускай газеце”, супрацоўнічаў з украінскім тэлеканалам ATR. Адміністраваў тэлеграм-канал грамадскага дзеяча, цяпер палітвязня Мікалая Аўтуховіча “Да Волі”.

Год таму журналісту быў пастаўлены цяжкі дыягназ, лячэнне патрабавала трансплантацыі печані. Для збору сродкаў на аперацыю аб’яўляўся дабрачынны збор. Меркавалася, што аперацыя будзе зробленая ў Польшчы.

Пасля пагаршэння стану здароўя журналіста фонд салідарнасці BySol абвяшчаў збор на паліятыўную дапамогу.

“Сітуацыя ўскладнілася. Пры падрыхтоўцы да трансплантацыі высветліліся абставіны, якія не дазваляюць правесці аперацыю. Яе адклалі на нявызначаны час, і мы разумеем, што Вадзім можа не дажыць да новай аперацыі. Мы таксама ўпэўненыя, што кожны чалавек мае права на годнае жыццё нават калі ад яго ўжо мала што залежыць”, — гаварылася ў паведамленні фонду.

Падзяліцца: