Мінск 21:33

АПК заклікаў звяртацца па дапамогу ў выпадку пагрозы палітычнага пераследу

Фота: АПК

5 лістапада, Позірк. Звяртацца па дапамогу ў прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета заклікала каардынатар гэтага падраздзялення АПК Вольга Зазулінская.

З такой заявай яна выступіла па выніках пасяджэння кабінета, прысвечанага ўзмацненню палітычных рэпрэсій у Беларусі.

“Вы не адны”, — адзначыла палітык, падкрэсліўшы, што АПК зробіць “усё магчымае, каб дапамагчы кожнаму, хто адчуў пераслед”.

“У апошнія тыдні мы назіраем жорсткую і ўсёахопную хвалю рэпрэсій у Беларусі <…>. Колькасць ператрусаў, затрыманняў і фізічнага гвалту дазваляе сцвярджаць, што рэжым Лукашэнкі не проста актывізаваў рэпрэсіўны апарат для запалохвання. Ён фактычна аднавіў шырокамаштабныя рэпрэсіі супраць народа”, — падкрэсліла Зазулінская.

Паводле яе слоў, “затрыманыя сотні людзей”, і “тэрор, які адбываецца — не выпадковая з’ява, а свядомая палітыка рэжыму, які імкнецца заглушыць кожны голас нязгоды напярэдадні “бязвыбараў” 2025 года”.

Зазулінскай паведаміла, што “службы эвакуацыі з Беларусі перагружаныя”, бо “колькасць людзей, якія шукаюць выратавання, штодня ўзрастае”. “Фізічны і псіхалагічны стан тых, каго ўдалося вывезці, жудасны. Мы зноў сутыкнуліся з сітуацыяй жніўня 2020 года, калі сілавікі ўжывалі гвалт у дачыненні да затрыманых, і метады засталіся ранейшымі”, — падкрэсліла прадстаўніца АПК.

На яе думку, тое, што адбываецца, сведчыць, што Лукашэнка “баіцца”. Зазулінская выказала ўпэўненасць, што “вінаватыя ў злачынствах супраць беларускага народа будуць прыцягнутыя да адказнасці, а цывілізаваны свет не прызнае вынікі выбараў прэзідэнта”.

Масавыя затрыманні апошнім часам звязаныя ў Беларусі з крымінальнай справай, распачатай паводле арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна” 4 лістапада. Рэйды праводзілі супрацоўнікі КДБ.

“Частка людзей знаходзіцца за кратамі, частка — выйшла на волю ў якасці сведак па крымінальнай справе. Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні з нагоды дваровых чатаў, якія былі асабліва папулярныя ў паслявыбарчыя часы”, — адзначылі праваабаронцы.

Як паведамлялася раней, праваабаронцам вядома пра затрыманне каля 20 чалавек у Хойніках (Гомельская вобласць), у прыватнасці, сярод работнікаў мясцовага масласырзавода.

Акрамя таго, міліцэйскія рэйды праходзілі ў Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць). Там, паводле інфармацыі “Вясны”, шукалі людзей, затрыманых пасля выбараў 2020 года. Паводле папярэдняй інфармацыі, участковыя мелі адпаведныя спісы і наведваюць іх па чарзе па месцы жыхарства.

“Праваабаронцы ведаюць, што затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі. Яны выглядаюць як спланаваная акцыя застрашвання перад выбарамі. Сілавікі прыходзяць у асноўным да тых, хто раней затрымліваўся паводле пратэстных адміністрацыйных артыкулаў. Вядомыя выпадкі жорсткіх затрыманняў з неапраўданым ужываннем сілы”, — падкрэслівалася ў паведамленні.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня.

Падзяліцца: