Мінск 20:00

Ціханоўская аб выбарах у ЗША: Гэта вялікая раскоша — не ведаць, хто будзе наступным прэзідэнтам

Светлана Тихановская
Архіўнае фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

6 лістапада, Позірк. “Вельмі цікавай выбарчай гонкай” назвала дэмакратычны лідар Беларусі Святлана Ціханоўская выбары прэзідэнта ЗША і павіншавала Дональда Трампа з перамогай. 

Паводле прэс-службы дэмлідара, Ціханоўская сачыла за гонкай “нават з некаторай зайздрасцю, бо беларусы пазбаўленыя права выбару ўжо шмат гадоў”. 

“Гэта сапраўды вялікая раскоша — не ведаць, хто будзе наступным прэзідэнтам. Менавіта такія выбары — жывыя, дынамічныя, эмацыйныя, а галоўнае празрыстыя і справядлівыя — мы б хацелі пабачыць у Беларусі?” — адзначыла палітык.

Ціханоўская паведаміла, што дэмакратычныя сілы маюць кантакты з атачэннем Трампа і прадстаўнікамі Рэспубліканскай партыі і плануюць “працаваць з новай адміністрацыяй, працягваць і ўмацоўваць адносіны”. 

“Мы разлічваем, што палітыка ў дачыненні да Беларусі будзе рашучай, паслядоўнай, і прынцыповай. Беларусь павінна заставацца на міжнародным парадку дня. І амерыканскае лідарства грае ў гэтым надзвычай важную ролю”, — адзначыла Ціханоўская, дадаўшы, што ЗША “былі, ёсць і будуць нашымі саюзнікамі ў барацьбе за дэмакратычную, незалежную і мірную Беларусь”.

Як заявіў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка, каментуючы перамогу Трампа, беларускія дэмсілы і ЗША працягнуць працу ў межах стратэгічнага дыялогу, ў снежні адбудзецца наступная яго сесія (праз год пасля першай у Вашынгтоне; пройдзе да інаўгурацыі Трампа. — “Позірк”.).

“Я не думаю, што варта чакаць нейкі істотны разварот. У бліжэйшыя месяцы стане ясна, хто зойме ключавыя пасады ў новай амерыканскай адміністрацыі”, — мяркуе Вячорка.

6 лістапада Ціханоўская знаходзіцца ў Страсбургу на Сусветным форуме за дэмакратыю.

Падзяліцца: