Мінск 20:39

Еўрапейскі суд адхіліў скаргу на санкцыі сербскага бізнесмена Карыча, звязанага з Лукашэнкам

Фота: "Позірк"

6 лістапада, Позірк. Суд агульнай юрысдыкцыі ЕС (Еўрапейскі суд) 6 лістапада адхіліў скаргу сербскага бізнесмена і палітыка Багалюба Карыча на ўведзеныя супраць яго Еўрасаюзам санкцыі, паведамляецца на партале the EU Law Live.

Адзначаецца, што Карыч “спрабаваў скасаваць некалькі абмежавальных захадаў ЕС”, якія “замарозілі яго сродкі і абмежавалі яго перамяшчэнне”. Прадпрымальнік сцвярджаў, што гэтыя санкцыі былі “неабгрунтаванымі”.

“Першапачаткова гэтыя санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, агрэсію Расіі супраць Украіны і меркаваную падтрымку Карычам рэжыму Лукашэнкі. <…> Суд палічыў довады дастатковымі для захавання санкцый”, — гаворыцца ў публікацыі.

Багалюб Карыч трапіў у санкцыйны спіс ЕС у 2022 годзе. У чэрвені 2023 года Еўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з зарэгістраванай у Мінску будаўнічай кампаніі Dana Astra, якая кантралюецца Багалюбам Карычам і яго братам Драгамірам Карычам.

Згодна з рашэннем суда, кампанія застанецца ў санкцыйным спісе як тая, што падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і атрымлівае выгады ад гэтага.

Заяўнік у пазове указваў на памылковасць сцвярджэння аб залежнасці эканамічнага поспеху кампаній, якія працуюць у Беларусі, ад іх сувязі з рэжымам Лукашэнкі.

Суд, у сваю чаргу, адзначыў, што, “улічваючы дзелавое асяроддзе і эканамічную рэальнасць у Беларусі”, аперацыі “такога маштабу, як тыя, якія праводзіў заяўнік”, “немагчымыя без адабрэння рэжыму Лукашэнкі”. Акрамя таго, “перавагі, атрыманыя заяўнікам, былі закліканыя палегчыць рэалізацыю маштабнага будаўнічага праекта, які меў асаблівае значэнне для рэжыму”.

“Пры рэжыме Лукашэнкі беларуская эканоміка характарызуецца кантролем, які ён ажыццяўляе як над дзяржаўным, так і над прыватным сектарам”, — падкрэсліў суд, адхіліўшы пазоў.

“Дана Холдынгс / Дана Астра” — адзін з асноўных дэвелапераў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя ўчасткі для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнес-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings / Dana Astra падтрымліваюць цесныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, нявестка прэзідэнта, займае ў кампаніі высокую пасаду. Такім чынам, Dana Holdings/Dana Astra здабывае выгаду з рэжыму [прэзідэнта Лукашэнкі] і падтрымлівае яго”, — гаварылася ў дакуменце.

Увосень 2020 года выданне EU Observer апублікавала расследаванне аб маёмасных сувязях Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і яго жонкай Ліліяй Лукашэнка праз кіпрскія афшорныя кампаніі.

17 снежня 2020 года Савет ЕС унёс кампанію ў санкцыйны спіс. Пазней яна трапіла пад санкцыі Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Албаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Паўночнай Македоніі, Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый. У сакавіку 2023 года Dana Holdings / Dana Astra трапіла ў санкцыйны спіс Японіі.

У верасні 2023 года казначэйства Вялікабрытаніі адкарэктавала абгрунтаванне ўведзеных у снежні 2020 года санкцый у дачыненні да Dana Holdings (Dana Astra). З абгрунтавання было выкрасленая згадка пра Карычаў, іх цесныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сям’ёй, а таксама выгаду, якую яны з гэтага здабываюць. У ім таксама больш не фігуруюць фармулёўкі аб “публічнай падтрымцы” Лукашэнкі з боку кампаніі “перад тварам забастовак і пратэстаў”.

У абноўленым абгрунтаванні гаворыцца, што кампанія “ўдзельнічае або ўдзельнічала ў атрыманні выгады ад урада Беларусі або ў аказанні яму падтрымкі з дапамогай вядзення бізнесу ў галіне, якая мае стратэгічнае значэнне для ўрада Беларусі, а менавіта ў беларускім будаўнічым сектары”. Таксама яна ў якасці “спонсара Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі” была ўцягнутая ў “рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці або дэмакратычнай апазіцыі”, “іншыя дзеянні, палітыку або дзейнасць, якія падрываюць дэмакратыю або вяршэнства закона ў Беларусі”.

Згодна з абноўленай рэдакцыяй абгрунтавання, актывы Dana Holdings (Dana Astra) “па-ранейшаму падлягаюць замарозцы” ў Вялікабрытаніі.

Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 29 снежня 2023 года даклад старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава з нагоды будаўніцтва жылля ў сталіцы, звярнуў увагу на “скаргі” на адрас кампаніі “Дана Астра” і даручыў “разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца”.

“Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — хай працуюць, як трэба. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі”, — сказаў тады Лукашэнка.

Падзяліцца: