Мінск 20:00

Кубракоў паабяцаў задзейнічаць на выбарах ветэранаў МУС, усяго іх 27 тысяч

Фота: МУС

6 лістапада, Позірк. Ветэраны Міністэрства ўнутраных спраў “не застануцца ў баку ад электаральнай кампаніі” і “будуць задзейнічаны па розных яе напрамках”. Такую заяву зрабіў 6 лістапада ў Мінску кіраўнік ведамства Іван Кубракоў падчас мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС.

Паводле яго слоў, якія перадае прэс-служба міністэрства, ветэраны МУС — “актыўныя людзі”, іх сёння налічваецца 27 тыс.

Былых супрацоўнікаў ведамства плануюць задзейнічаць у ахове грамадскага парадку на выбарчых участках, адзначыў Кубракоў, а “аксакалы” з іх ліку “стануць сябрамі камісій, назіральнікамі”.

“Я ўпэўнены ў нашых ветэранах! Гэта залаты рэзерв міністра ўнутраных спраў. І, калі трэба, устануць у баявыя парадкі і павядуць за сабой моладзь”, — сказаў кіраўнік МУС.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. У дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведнае рашэнне, 23 кастрычніка, Лукашэнка паведаміў, што прыме ў іх удзел.

Усяго зарэгістравана 7 ініцыятыўных груп, якія з 7 лістапада па 6 снежня будуць збіраць подпісы ў падтрымку (у парадку рэгістрацыі) Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава і Сяргея Сыранкова.

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Аляксандра Драздова, Юрыя Губарэвіча, Дзіяны Кавалёвай і Віктара Куляша.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць”супраць усіх”. На іх думку, галасаванне “супраць усіх” пакажа, што “беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: