Мінск 21:38

У Расіі завялі крымінальную справу аб незаконнай міграцыі 140 сірыйцаў праз Беларусь

Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Скрыншот: Памежная ахова Польшчы

6 лістапада, Позірк. Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу ў дачыненні да арганізаванай злачыннай групы, якая стварыла канал незаконнай міграцыі з Сірыі ў Еўрасаюз праз Беларусь і РФ, паведамляе прэс-служба ведамства.

Па гэтым канале ў ЕС прайшло не менш за 140 сірыйскіх грамадзян, адзначае СК.

Сцвярджаецца, што нелегалы траплялі на тэрыторыю Расіі “шляхам унясення за грашовую ўзнагароду фіктыўных звестак адносна мэты ўезду”. Далей іх перапраўлялі ў Еўрасаюз. Пры гэтым выручка арганізатараў і ўдзельнікаў схемы склала некалькі мільёнаў расійскіх рублёў.

Падкрэсліваецца, што СК расследуе і іншыя крымінальныя справы, узбуджаныя ў РФ па фактах незаконнай міграцыі. “Ва ўсіх справах праведзеныя ператрусы і затрыманні, вінаватыя асобы ўзятыя пад варту, канфіскаваныя грашовыя сродкі, атрыманыя злачынным шляхам, дакументы, бланкі і пячаткі, якія выкарыстоўваюцца для ўчынення злачынстваў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Па стане на 3 лістапада 2024 года з пачатку года суседнія з Беларуссю краіны ЕС прадухілілі 34.367 спробаў пранікнення нелегалаў з Беларусі (Польшча — 28.412, Латвія — 5.094, Літва — 861). Гэта на 12,1% менш, чым за аналагічны леташні перыяд — 39.110 (23.868, 13.050, 2.192), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных іх пагранічных ведамстваў.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

“Мы да ўвядзення санкцый вельмі сур’ёзна з Захадам супрацоўнічалі, аж да таго, што заключылі дамову аб рэадмісіі. Потым яны ад гэтага адмовіліся. Мы лавіць іх не будзем. Наша справа — забяспечыць бяспеку народа”, — сказаў ён, у прыватнасці, 2 ліпеня.

“Галоўнае ў тым, што я не маю намеру аддаваць загад памежнікам, вайскоўцам і іншым, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на мяжы Беларусі і Польшчы. Вы накінулі пятлю на нашу шыю і яшчэ прымушаеце нас, каб мы абаранялі вас ад гэтых небарак”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: