Мінск 01:44

70% членаў тэрытарыяльных камісій прадстаўляюць партыі і грамадскія аб’яднанні — ЦВК

Фота: "Позірк"

6 лістапада, Позірк. У склад тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзідэнта ўвайшло 1.689 чалавек, паведаміў 6 лістапада Цэнтрвыбаркам.

Траціна членаў камісій — -мужчыны (32%).

Партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні прадстаўляюць 1.165 чалавек (68,98%).

У камісіі ўключаныя: 141 сябра партыі “Белая Русь”, 71 — Камуністычнай партыі Беларусі, 42 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 17 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі; 279 — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 131 — Беларускага саюза жанчын, 124 — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 116 — Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Шляхам збору подпісаў сябрамі тэрытарыяльных камісій стаў 421 чалавек (24,93%), ад працоўных калектываў — 103 (6,1%).

Усяго сфарміраваныя 153 камісіі: шэсць абласных і Мінская гарадская, 118 — раённых, чатыры — гарадскіх (у гарадах абласнога падпарадкавання), 24 — раённых у гарадах.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. У дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведнае рашэнне, 23 кастрычніка, Лукашэнка паведаміў, што прыме ў іх удзел.

Усяго зарэгістравана 7 ініцыятыўных груп, якія з 7 лістапада па 6 снежня будуць збіраць подпісы ў падтрымку (у парадку рэгістрацыі) Лукашэнкі, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка, Вольгі Чамаданавай, Ганны Канапацкай, Сяргея Бобрыкава і Сяргея Сыранкова.

Адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Аляксандра Драздова, Юрыя Губарэвіча, Дзіяны Кавалёвай і Віктара Куляша.

Дэмсілы ў сумеснай заяве, прымеркаванай да прызначэння даты прэзідэнцкіх выбараў, заклікалі галасаваць”супраць усіх”. На іх думку, галасаванне “супраць усіх” пакажа, што “беларускае грамадства па-ранейшаму супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і сумленных выбараў”.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: