Мінск 07:47

Лукашэнка гатовы накіраваць “петыцыю ў нобелеўскую прэмію”, калі Трамп спыніць войны

7 лістапада, Позірк. Пра гатоўнасць накіраваць “петыцыю ў нобелеўскую прэмію”, калі Дональд Трамп выканае абяцанне спыніць войны, заявіў Аляксандр Лукашэнка, які напярэдадні павіншаваў яго з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

“У свеце 55 канфліктаў — Украіна, Блізкі Усход, Емен і іншыя”, — сказаў Лукашэнка ў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу “Першы нацыянальны”.

Ён зноў звярнуўся да ходу прэзідэнцкай гонкі ў ЗША. “У Трампа эйфарыя вялікая, таму што ён герой. Трэба аддаць належнае, ён гераічна паступіў. Узрост: вы паглядзіце, не скажаш, што яму ўжо пад 80. Ён як бульдозер прэ і ўсё. Па тры мітынгі праводзіць у дзень — гэта вельмі цяжка (тут Лукашэнка панізіў тон. — “Позірк”.). Таму ён герой, ён гэтага заслужыў, але каб не было самаздаволення, самалюбавання вось гэтага: я, я, я. Гэта ў яго ёсць”, — лічыць Лукашэнка, які сам любіць звязваць са сваёй персонай тыя ці іншыя дасягненні ў краіне альбо ў іншых людзей.

Паводле Лукашэнкі, Трамп “як бульдозер прайшоўся”. “І прайшоўся пасля таго, як ён ужо папрацаваў [на пасадзе прэзідэнта] — быццам бы няўдала. Таму гэта яго асабісты подзвіг у імя амерыканскага народа. Таму ён малайчына з гэтага пункту гледжання”, — пахваліў Лукашэнка мільярдэра-пераможцу.

Суперніцу Трампа — віцэ-прэзідэнта Камалу Харыс — Лукашэнка назваў “гераічнай жанчынай”. “Ёй не трэба плакаць. Я сёння паглядзеў: перажывае — прайграла. Слухайце, Амерыка саспела абраць чарнаскурага прэзідэнта, але Амерыка не саспела яшчэ абраць жанчыну. Вось Амерыка да гэтага не гатовая. І яна нос у нос ішла з гэтым”бульдозерам”. Яна зрабіла ўсё магчымае і немагчымае. Яна малайчына, таму плакаць ёй ні ў якім разе нельга”, — сказаў Лукашэнка, які незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года заявіў, што ў Беларусі Канстытуцыя напісана “не пад жанчыну”.

У сувязі з кампліментамі на адрас Трампа Лукашэнка звярнуўся да сваіх апанентаў: “Нашыя “опы” цяпер пачуюць мае развагі і будуць казаць, што я тут падлізваюся пад Трампа. Ды мне глыбока напляваць, хто там у Амерыцы перамог. Я ведаю, што ў мяне ёсць кавалак зямлі, які я павінен забяспечыць і абараніць. Мае людзі. Я проста выказваю сваё меркаванне. Мне ўсё роўна, хто там перамог, але мне не ўсё роўна, якую палітыку Амерыка будзе вырабляць, таму што гэта траціна сусветнай эканомікі”.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што Трампа “ніколі не крыўдзіў”.

Падзяліцца: