Мінск 07:40

Данія будзе выдаваць беларусам пашпарты замежніка

Фота: "Позірк"

8 лістапада, Позірк. Улады Даніі ўнеслі ў заканадаўства папраўкі, якія спрашчаюць легалізацыю ў краіне грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства іміграцыі і інтэграцыі гэтай скандынаўскай краіны.

Змены ўступаюць у сілу 8 лістапада і ў ліку іншага прадугледжваюць выдачу беларусам пашпартоў замежніка.

У прэс-рэлізе падкрэсліваецца, што грамадзяне Беларусі ў Даніі сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі пасля заканчэння дзеяння іх пашпартоў, бо праз “дзеянні <…> рэжыму [Лукашэнкі]” не могуць “атрымаць новыя пашпарты”.

Заяўляецца, што ўнесеныя ў заканадаўства папраўкі накіраваныя на тое, каб “іміграцыйныя ўлады маглі ў будучыні ацаніць, наколькі складана замежніку атрымаць пашпарт або іншае пасведчанне асобы для падарожжаў”.

Паводле зменаў, пашпарты замежніка цяпер могуць быць выдадзеныя ў шэрагу “канкрэтных выпадкаў” асобам, якія маюць від на жыхарства ў Даніі, а таксама пры наяўнасці “асаблівых прычын”.

Паводле слоў міністра іміграцыі і інтэграцыі Кааре Дзібвад Бека, Данія “не атрымае карысці ад таго, што прыхільнікі барацьбы беларускай апазіцыі за дэмакратыю, свабоду і правы чалавека рызыкуюць пазбавіцца віду на жыхарства ў Даніі, паколькі ў іх узнікаюць цяжкасці з выдачай новага пашпарта”.

Чыноўнік выказаў задаволенасць рашэннем урада і назваў яго “вельмі мэтанакіраванай ініцыятывай, накіраванай на рашэнне вельмі канкрэтнай праблемы для групы беларусаў”.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў сацсетцы Х падзякавала дацкаму ўраду за “падтрымку беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму за мяжой”.

30 кастрычніка паведамлялася, што па выніках візіту Ціханоўскай у Рэйк’явік (Ісландыя), дзе праходзіў Савет міністраў замежных спраў Паўночных краін, Данія абвясціла аб прызначэнні спецпрадстаўніка па Беларусі. Краіны ЕС выкарыстоўваюць гэтую практыку замест прызначэння амбасадараў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года.

Акрамя гэтага, паведамлялася аб выдзяленні Капенгагенам у Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі палітвязням (створаны 30 красавіка) 5 млн дацкіх крон (каля 650 тыс. еўра).

Ціханоўскай таксама было абяцана, што беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі змогуць атрымліваць пашпарты замежніка, калі яны не могуць вярнуцца ў Беларусь.

Падзяліцца: