Мінск 07:41

Літва пацвердзіла затрыманне свайго грамадзяніна ў Беларусі

Фота: ДМК

8 лістапада, Позірк. Затрыманне ў Беларусі грамадзяніна Літвы за спробу ўвозу боепрыпасаў пацвердзіла Міністэрства замежных спраў балтыйскай краіны, паведамляе партал навінаў Delfi.

Паводле слоў прадстаўнікоў МЗС, пра інцыдэнт праінфармаваная літоўская паліцыя.

Адзначаецца, што затрыманы пакуль не звяртаўся па прававую і консульскую дапамогу да літоўскага боку.

Аб затрыманні грамадзяніна Літвы паведаміў 6 лістапада Дзяржаўны мытны камітэт.

Адзначалася, што пры ўездзе ў Беларусь праз прапускны пункт “Каменны Лог” (з літоўскага боку Мядзінінкай) у яго былі выяўленыя “схаваныя ў асабістых рэчах <…> боепрыпасы да агнястрэльнай зброі”.

Мужчына перасоўваўся на легкавым аўтамабілі “Lexus”. У яго багажы пры аглядзе мытнікі выявілі “два магазіна з 34 баявымі патронамі”, удакладнілі ў ведамстве.

“Экспертыза, праведзеная Дзяржаўным камітэтам судовых экспэртыз Гродзенскай вобласці, пацвердзіла, што боепрыпасы з’яўляюцца пісталетнымі патронамі да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі калібра 9 мм”, — гаварылася ў паведамленні ДМК.

У дачыненні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 3331 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь <…> боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, зброі масавага паражэння або сродкаў яго дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

12 сакавіка гэтага года стала вядома пра смерць у адным з беларускіх СІЗА затрыманага 31 снежня 2023 года грамадзяніна Літвы. МЗС балтыйскай краіны тады паведаміла аб уручэнні ноты часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Літве, у якой быў заяўлены “рашучы пратэст” у сувязі з тым, што адбылося.

Літоўскі бок не выключыў, што смерць магла наступіць праз тое, што затрыманы мог знаходзіцца ў няволі “без неабходнай медыцынскай дапамогі”.

У дакуменце адзначалася, што консульскія работнікі Літвы “не былі належным чынам праінфармаваныя аб затрыманні”, а таксама “яго падставах, стане здароўя грамадзяніна”. У сувязі з гэтым у дыпламатаў не было магчымасці наведаць суайчынніка і даць яму неабходную консульскую дапамогу.

“Такімі дзеяннямі Рэспубліка Беларусь груба парушыла Венскую канвенцыю аб консульскіх зносінах”, — падкрэслівалася ў ноце.

10 студзеня ДМК Беларусі паведаміў пра “спыненне <…> спробы перамяшчэння 98 баявых патронаў з Літвы”. Заяўлялася, што літоўскі грамадзянін спрабаваў правезці боепрыпасы ў легкавым аўтамабілі Mercedes-Benz праз пункт пропуску “Беняконі”. Пры аглядзе транспарту ў кішэні задніх дзвярэй аўто былі выяўленыя дзве ўпакоўкі з патронамі.

Паводле заключэння Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці “прадметы вырабленыя заводскім спосабам, з’яўляюцца пісталетнымі патронамі (9х18ПМ) — боепрыпасамі да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі калібра 9 мм і падобных канструкцый”. Удакладнялася, што патроны прыдатныя для стральбы.

У дачыненні да грамадзяніна Літвы распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 3331 КК. Яму пагражала да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: