Мінск 07:52

Ціханоўская: Дыктатараў нельга ўлагодзіць, ад гэтага яны становяцца толькі мацнейшымі

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

8 лістапада, Позірк. Да адзінства ў барацьбе з тыраніямі заклікала дэмакратычныя краіны Святлана Ціханоўская, выступаючы 7 лістапада ў Вільнюсе на форуме “Будучыня дэмакратыі”.

Пра гэта “Позірку” паведаміў яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

Ціханоўская ў сваёй прамове прывяла прыклады барацьбы беларусаў за свабоду, нагадала пра рэпрэсіі ў краіне і палітвязняў.

Дэмлідар заявіла, што “бітву з дыктатурай нельга выйграць у адзіночку”, для гэтага “патрэбныя саюзнікі”, “цярпенне”, “але яшчэ больш — неабходная стратэгічная паслядоўнасць”.

“На Захадзе, калі мы маем справу з тыраніяй, часта ўзнікае спакуса перавярнуць старонку. Лёгка сказаць: мы спрабавалі ўжыць санкцыі, мы спрабавалі аказаць ціск, але гэта не спрацавала. Давайце вернемся да звычайных спраў. Замест таго каб змагацца з тыранамі, мы спрабавалі ўлагодзіць іх ці заключыць з імі здзелкі. Часам гэта называлі перазагрузкай. Часам нармалізацыяй. Але вынік быў адзін і той жа: дыктатары станавіліся толькі мацнейшымі, а дэмакратыя — слабейшай”, — сказала Ціханоўская.

Менавіта такія падыходы заходніх палітыкаў, паводле яе слоў, дапамаглі Аляксандру Лукашэнку “пратрымацца ва ўладзе 30 гадоў”.

“Палітыкі ў дэмакратычных краінах могуць і павінны змяняцца. Але палітыка ў дачыненні да дыктатараў павінна заставацца паслядоўнай. Мы павінны засвоіць раз і назаўжды: дыктатары не спыняцца, пакуль мы іх не спынім”, — падкрэсліла дэмакратычны лідар.

Яна заклікала падтрымліваць не толькі беларусаў у барацьбе за свабоду, але і Украіну, якая супрацьстаіць расійскай агрэсіі.

У сваім выступе палітык таксама падзякавала за падтрымку Літву, якая для беларусаў “больш, чым сусед, гэта сапраўдны сябар і саюзнік”.

Літва, канстатавала Ціханоўская, “прыняла тысячы змагароў за свабоду, якія ратуюцца ад рэпрэсій і тэрору, і стала голасам беларусаў на міжнароднай арэне”.

“Літоўцы ведаюць са сваёй уласнай гісторыі, што значыць жыць ва ўмовах тыраніі і чаму трэба падтрымліваць тых, хто змагаецца з ёй, незалежна ад таго, у якой частцы свету гэта адбываецца”, — адзначыла дэмлідар.

Ціханоўская ўручыла на форуме міністру замежных спраў Літвы Габрыэлюсу Ландсбергісу “Крыж добрасуседства” (на фота) — узнагароду Аб’яднанага пераходнага кабінета, якой адзначаюцца людзі, якія ўнеслі вялікі ўклад у пабудову адносін Беларусі з іншымі краінамі, а таксама ў справу дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Форум “Будучыня дэмакратыі” праходзіць у Вільнюсе 7–8 лістапада, арганізаваны МЗС Літвы. Сярод удзельнікаў літоўскія палітыкі і дыпламаты, грамадскія дзеячы, праваабаронцы, прадстаўнікі Еўрасаюза і Польшчы.

Падзяліцца: