Мінск 07:48

Лукашэнка разлічвае на рост эканамічнага ўзаемадзеяння з Камбоджай

Крыніца: pixabay.com

9 лістапада, Позірк. Беларусь і Камбоджа маюць “працяглую гісторыю адносін, заснаваных на павазе і разуменні”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі каралю Камбоджы Нарадому Сіхамані з Днём Незалежнасці.

“Свабода і суверэнітэт — найважнейшыя каштоўнасці, на якіх грунтуецца будучыня дзяржавы. Камбаджыйцы 71 год таму скінулі кайданы каланіялізму і паспяхова працягваюць справу забеспячэння неабходных умоў для развіцця краіны, павышэння яе ролі і аўтарытэту ў свеце”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён выказаў зацікаўленасць у “дынамічным пашырэнні эканамічнага супрацоўніцтва”, а таксама ў “плённым узаемадзеянні на міжнародных пляцоўках для ўмацавання міру і вырашэння надзённых пытанняў глабальнага парадку дня”.

Лукашэнка пазычыў каралю Камбоджы “добрага здароўя і новых поспехаў”, а народу краіны — “адзінства, шчасця і працвітання”.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Камбоджай устаноўлены 25 студзеня 1995 года.

Інтарэсы Мінска ў краіне прадстаўляе амбасада ў В’етнаме, камбаджыйскай — амбасада ў Расіі.

З 2013 года ў Пнампені дзейнічае ганаровае консульства Беларусі.

Паводле звестак МЗС Беларусі, тавараабарот паміж краінамі ў 2021 годзе склаў 5,1 млн долараў (экспарт — 2,9 млн, імпарт — 2,2 млн).

Пазнейшыя даныя не прыводзяцца.

Асноўныя артыкулы беларускага экспарту ў Камбоджу — трактары, калійныя ўгнаенні, шыны, пушна-футравая сыравіна і спецтэхніка. Камбоджа пастаўляла ў Беларусь тэкстыль, абутак і веласіпеды.

Падзяліцца: