Мінск 07:53

Упершыню за тыдзень у Беларусь заляцелі расійскія БПЛА (дапоўнена)

Дададзеныя абзацы 5–9.

Крыніца: Паветраныя сілы УСУ

10 лістапада, Позірк. Пра чарговае ўварванне расійскіх беспілотных лятальных апаратаў у прастору Беларусі заявіла 10 лістапада камандаванне Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Паведамляецца, што мінулай ноччу (з 20:00 9 лістапада) Расія ўжыла супраць Украіны “145 ударных БПЛА тыпу Shahed і неўстаноўленага тыпу”.

“Па стане на 09:00 пацверджана збіццё <…> 62 БПЛА праціўніка <…>. 67 варожых беспілотнікаў лакальна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, яшчэ 10 расійскіх БПЛА выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Малдовы, Беларусі і Расіі”, — гаворыцца ў паведамленні.

На гэтым тыдні УСУ ўпершыню паведамілі пра ўварванне ў Беларусь расійскіх БПЛА.

Паводле даных маніторынгавай групы “Беларускі Гаюн”, у ноч на 10 лістапада ў Беларусь заляцела не менш за 10 расійскіх беспілотнікаў.

“Частка “шахедаў”, якія заходзілі ў “беларускі калідор”, пазней разварочвалася над Беларуссю і ляцелі ў зваротным кірунку. Так, адзін з дронаў вярнуўся на Чарнігаўшчыну, паўторна заляцеў у Беларусь ужо ў Гомельскім раёне і адтуль сышоў на Расію”, — гаворыцца ў паведамленні групы.

Паводле папярэдніх звестак, у Гомельскай вобласці “зніклі як мінімум тры “шахеды”: у Брагінскім, Мазырскім і Ельскім раёнах, адзначаюць эксперты. Авіяцыя беларускіх Узброеных сіл у паветра не падымалася.

Паліцыя Малдовы пацвердзіла залёт у краіну БПЛА. Паведамляецца пра яго падзенне ў Каўшанскім раёне, які мяжуе з Украінай.

Улады Беларусі пра беспілотнікі не паведамлялі.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залётах на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1 і 3 лістапада.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібы былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі падаючага беспілотніка.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, рэшткі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца прыгранічным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: