Мінск 13:46

Траціна крымінальных спраў, якімі займаўся КДБ у 2023 годзе, была палітычна матываванай — BelPol

Фота: tut.by

11 лістапада, Позірк. З 411 крымінальных спраў, якія ў 2023 годзе знаходзіліся ў вытворчасці Камітэта дзяржаўнай бяспекі, 132 былі палітычна матываванымі (32,1%), паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

Паводле звестак арганізацыі, 31 “палітычная” справа была распачатая паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); 21 — паводле арт. 289 (акт тэрарызму); 17 — паводле арт. 3613 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу); 12 — паводле арт. 3612 (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).

Таксама КДБ займаўся справамі, узбуджанымі паводле арт. 430 КК (атрыманне хабару; 73 справы), арт. 433 (незаконнае ўзнагароджанне; 60); арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў; 30); арт. 431 (дача хабару; 23).

На працягу 2023 года КДБ прыпынена расследаванне 20 крымінальных спраў, у тым ліку дзве паводле арт. 289 КК, па адной — паводле арт. 2901 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці; 1), арт. 2902 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), арт. 356 КК. Прычынамі прыпынення расследавання з’яўляецца “неўстанаўленне абвінавачаных” альбо “ўтойванне іх ад органа крымінальнага пераследу”, адзначае BelPol.

Летась ведамствам было завершана расследаванне 212 крымінальных спраў з 411 якія знаходзіліся ў вытворчасці (51,6%), у тым ліку 72 палітычна матываваныя.

BelPol адзначае, што ў 2023 годзе ўсімі органамі крымінальнага пераследу паводле арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) было распачата 150 спраў, паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) — 1.263.

Арганізацыя адзначае, што КДБ “пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года істотна змяніў прыярытэты сваёй дзейнасці” ў бок “незаконнага крымінальнага пераследу грамадзян па асабліва палітычных матывах”. Таксама адзначаецца, што па матэрыялах камітэта альбо пры яго садзейнічанні “палітычныя” справы ўзбуджаліся і Следчым камітэтам.

Пры гэтым у 2023 годзе КДБ не ўзбуджаў справы паводле артыкулаў КК, якія раней з’яўляліся самымі распаўсюджанымі ў ведамстве. Сярод іх згадваецца арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), арт.228 (кантрабанда), арт. 235 (легалізацыя (адмыванне) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), арт. 425 (бяздзейнасць службовай асобы), арт. 427 (службовы падлог), арт. 428 (службовая халатнасць).

Камітэт дзяржбяспекі з’яўляецца абсалютна закрытай арганізацыяй для грамадскасці.

26 красавіка быў узламаны сайт КДБ, адказнасць за гэта ўзяла на сябе група ананімных хакераў “Кіберпартызаны”. У іх паведамленні гаварылася, што партал спецслужбы на той момант “не працуе ўжо больш за два месяцы” — а “ўсё таму, што “Кіберпартызаны” прабраліся туды яшчэ ўвосень 2023 года і выпампавалі ўсю даступную інфармацыю”.

З кастрычніка ведамства пачало публікаваць пералік “арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці” ў спецыяльна створаным тэлеграм-канале.

Пры гэтым сайт КДБ пачаў працаваць па новым адрасе, аднак адкрываецца толькі галоўная старонка партала.

Падзяліцца: