Мінск 18:56

Ціханоўская, Бахарэвіч і Гнёт абнавілі “беларускі” фрагмент Берлінскай сцяны з нагоды 35-годдзя яе падзення

Фота: "Позірк"

9 лістапада, Позірк. Каля 30 чалавек узялі ўдзел у абнаўленні “беларускага” фрагмента Берлінскай сцяны на Патсдамскай плошчы ў сталіцы Германіі.

Акцыя адбылася 9 лістапада і была прымеркаваная да 35-годдзя падзення сцяны. Яе правёў 60-гадовы нямецкі мастак Ханс-Марцін Фляйшер, які стаў сведкам гістарычнай падзеі, будучы студэнтам. Да яго далучыліся дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, якая прыбыла на ўрачыстасці на запрашэнне мэра горада, пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч і яго жонка Юлія Цімафеева, рэжысёр Андрэй Гнёт, нядаўна вызвалены з-пад хатняга арышту ў Сербіі, і інш.

Фрагмент Берлінскай сцяны стаў “беларускім” пасля таго, як яго размалявалі паводле матываў падзей 2020 года. У 2022-м, калі Расія пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, яго дапоўнілі ўкраінскай тэматыкай. У гонар юбілею падзення сцяны фрагмент вырашылі абнавіць, выкарыстаўшы нацыянальныя беларускія і ўкраінскія колеры. Узяць удзел у акцыі мог любы ахвотны.

“Падзенне Берлінскай сцяны сведчыць: змены могуць прыйсці тады, калі іх ніхто не чакае, і мы павінны быць да іх гатовыя. Мы будзем працягваць змагацца, каб наблізіць гэтыя змены. Берлінская сцяна павалілася дзякуючы мужнасці простых людзей — і такім жа чынам упадуць сцены прыгнёту ў Беларусі. Кожны акт непадпарадкавання — малы ці вялікі — набліжае нас на адзін крок. Разам мы разбурым усе сцены, якія аддзяляюць нас ад свабоднай і дэмакратычнай будучыні”, — заявіла Ціханоўская.

Комплекс збудаванняў, які аддзяляў Заходні Берлін ад ад навакольнай ГДР, вядомы як Берлінская сцяна, існаваў з 13 жніўня 1961 года да 9 лістапада 1989 года. Ён стаў адным з сімвалаў падзелу Еўропы з ініцыятывы і пад эгідай СССР пасля Другой сусветнай вайны.

Падзяліцца: