Мінск 19:34

Ціханоўская: Можа быць, Трамп наогул не памятае, хто такі Лукашэнка

9 лістапада, Позірк. “Я нават не ўпэўненая, што <…> Дональд Трамп ведае пра сітуацыю ў Беларусі на гэты момант. Для яго гэта шэрая зона. Можа быць, ён наогул не памятае, хто такі Лукашэнка”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю Deutsche Welle.

Такім чынам палітык пракаментавала кампліментарныя выказванні Аляксандра Лукашэнкі на адрас пераможцы прэзідэнцкай гонкі ў ЗША.

На яе думку, сваімі заявамі Аляксандр Лукашэнка “хоча паказаць, што Трамп будзе на баку дыктатараў”. “Спадзяюся, што гэта не так”, — дадала дэмлідар.

Яна выказала надзею, што жыхары ЗША, якія падтрымліваюць свабодную Беларусь і Украіну, “не дазволяць спыніць дапамогу ўкраінцам”.

Паводле сцвярджэння Ціханоўскай, украінцы “не проста змагаюцца за сваю тэрыторыю, гэта не проста лакальная вайна”: “Гэта барацьба супраць дыктатуры. І калі дэмакратычны свет, лідары пакажуць сваю слабасць ці пакажуць, што яны могуць заключаць здзелкі з тэрарыстамі, тыранамі, то якая ж будзе рэакцыя дэмакратычнага грамадства? Так што цяпер не толькі Беларусь ці Украіна знаходзяцца пад пагрозай дыктатуры або аўтарытарызму, але і ўвесь свет”.

Дэмакратычны свет, мяркуе экс-кандыдат у прэзідэнты, павінен паказаць, што ў яго “ёсць зубы”: “Так што цяпер мы чакаем, каб лідары ЗША, Германіі паказалі, што дыктатараў нельга ўлагоджваць, з дыктатарамі можна толькі змагацца”.

“Тыранія падобная раку. Пакуль вы не выражаце апошнюю клетку, яна будзе разрастацца, пашыраць межы. І я заўсёды кажу нашым еўрапейскім сябрам: калі не спыніць тыранію цяпер, яны будуць стукацца ў вашы дзверы”, — дадала дэмлідар.

Падзяліцца: