Мінск 19:27

За выхадныя ў ДТЗ загінула 10 чалавек

Фота: ДТЗ

11 лістапада, Позірк. За выхадныя (7–10 лістапада) у дарожна-транспартных здарэннях на тэрыторыі Беларусі загінула 10 чалавек, 26 атрымалі траўмы, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Усяго за гэты перыяд адбылося 25 ДТЗ, смяротнымі аказаліся два лабавыя сутыкненні, чатыры наезды на пешаходаў у цёмны час сутак, адно перакульванне аўтамабіля.

“Да трагічных наступстваў прыводзіць адмова пешаходаў ад выкарыстання святлоадбівальных элементаў, знаходжанне на праезнай частцы ў нецвярозым стане і грэбаванне іншымі элементарнымі правіламі бяспечных паводзін”, — заявілі ў ведамстве.

За выходныя затрыманыя 184 нецвярозыя кіроўцы і 561 “бяспраўнік”. За парушэнні правілаў дарожнага руху да адказнасці прыцягнута больш за 4 тыс. пешаходаў, 558 знаходзілася ў стане ап’янення.

МУС таксама паведаміла аб ДТЗ з загінулымі, якое адбылося 11 лістапада ў Добрушскім раёне (Гомельская вобласць).

Паводле папярэдняй інфармацыі, каля васьмі гадзін раніцы 45-гадовая жанчына-кіроўца, кіруючы аўтамабілем Nissan, выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе здзейсніла сутыкненне з Opel пад кіраваннем 43-гадовага кіроўцы.

У выніку ДТЗ абодва кіроўцы загінулі.

З рознымі траўмамі ў бальніцу дастаўлена 63-гадовая жанчына-пасажыр Opel.

Падрабязнасці здарэння высвятляюцца.

Раней паведамлялася пра гібель 14-гадовага падлетка ў ДТЗ у Докшыцкім раёне (Віцебская вобласць).

Паводле звестак следства, у ноч на 9 лістапада 30-гадовы кіроўца ў стане алкагольнага ап’янення падвозіў кампанію з пяці чалавек. Каля вёскі Замасточча ён не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет, дзе аўто перакулілася.

У выніку ДТЗ падлетак памёр ад атрыманых траўмаў. Кіроўца і яшчэ чацвёра пасажыраў (13, 15, 16 і 18 гадоў) з рознымі траўмамі шпіталізаваныя.

Падзяліцца: