Мінск 02:25

Два шпіёны ГРУ ўкараніліся ў сераду беларускай апазіцыі — БРЦ

Скрыншот: investigatebel.org

12 лістапада, Позірк. Аб раскрыцці двух шпіёнаў беларускіх спецслужбаў у асяроддзі апазіцыі гаворыцца ў матэрыяле Беларускага расследацыйнага цэнтра (БРЦ), апублікаваным 12 лістапада.

Расследаванне называецца “Тутэйшы гэрэушнік. Як агенты спецслужбаў укараніліся ў апазіцыю і да валанцёраў” і праведзена БРЦ сумесна з “Альянсам расследавальнікаў” і польскім выданнем Rzeczpospolita пры падтрымцы ініцыятывы ананімных хакераў “Кіберпартызаны”.

Паводле звестак аўтараў, гаворка ідзе пра супрацоўнікаў Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны Юрыя Кізюка і Міхаіла Паветку. Першы выдаваў сябе за Дзмітрыя Пратасевіча, другі — за Максіма Кандратовіча.

Абодва, як сцвярджае БРЦ, мелі пашпарты на некалькі імёнаў.

“Летам 2020 года яны ўвайшлі ў давер да валанцёраў, праніклі ў апазіцыйную арганізацыю і пазней заснавалі фірму ў Польшчы”, — гаворыцца ў расследаванні.

Кізюк пад выглядам Пратасевіча звярнуўся да валанцёраў за дапамогай, паказаўшы ім пратакол свайго затрымання, а з часам і “сам стаў валанцёрыць — знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсій і дапамагаў ім”. Ён, як сцвярджаецца, распаўсюджваў пратэстную сімволіку, удзельнічаў у вулічных акцыях.

Паводле аднаго з суразмоўцаў БРЦ, той цікавіўся, чым займаецца арганізацыя (у мэтах бяспекі не называецца. — “Позірк”.), хто з’яўляецца яе партнёрамі за мяжой.

Яшчэ адзін тагачасны валанцёр паведаміў, што чалавек па прозвішчы Пратасевіч самастойна знаходзіў пацярпелых ад палітычных рэпрэсій, запаўняў “ведамасці з іх звесткамі, прыносіў пратаколы затрыманняў і звальненняў людзей з працы за пратэстную дзейнасць”.

Паводле даных БРЦ, з 10 прозвішчаў, указаных у адной з такіх ведамасцяў, “мінімум пяцёх [людзей] з такімі дадзенымі не існуе”.

“Гэта значыць “Пратасевіч” атрымліваў дапамогу ад арганізацыі — ваўчары па 200 рублёў (прыкладна 78 долараў па сярэднім курсе за 2020 год) на прадукты — нібыта для пацярпелых, але даваў для справаздачнасці спісы і дакументы з фальшывымі данымі людзей”, — робяць выснову расследавальнікі.

Адзначаецца, што акрамя “валантэрскай” працы меркаваны шпіён “пранік і ў колы апазіцыі, далучыўшыся вясной 2021 года да аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам”, якую планавалі зарэгістраваць члены выбарчага штаба прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыка”.

Як сцвярджае каардынатар аргкамітэта “Разам” Іван Краўцоў, “Пратасевіч” прадставіў, як і ўсе іншыя, інфармацыю для рэгістрацыі ў ім.

“Ён прысутнічаў на адной з сустрэч нашых прыхільнікаў у Варшаве ў 2021 годзе і ўдзельнічаў у адным з нашых адукацыйных анлайн-праектаў у 2022 годзе. Ніякага доступу да ўнутранай інфармацыі нашай арганізацыі не меў, працы па нашым даручэнні не праводзіў”, — цытуе Краўцова БРЦ.

Пасля таго, як асобамі “Пратасевіча” і “Кандратавіча” зацікавіліся незалежныя журналісты, “стала зразумела, што яны не тыя, за каго сябе выдаюць”, гаворыцца ў расследаванні.

З дапамогай “Кіберпартызан” удалося высветліць, што Міхаіл Паветка і Юрый Кізюк вучыліся ў Акадэміі МУС. І калі першы ў міліцыі не служыў (быў дазнаўцам у Ваеннай камендатуры Мінска), то другі працаваў на пасадзе оперупаўнаважанага Аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Навагрудскага РАУС (Гродзенская вобласць). Пазней абодва сталі супрацоўнікамі Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Мінабароны.

“У 2021 годзе некаторыя беларускія дабрачынныя арганізацыі пачалі пераязджаць у Еўропу, — гаворыцца ў расследаванні. — Кізюк і Паветка пайшлі за імі і працягнулі шпіёніць сярод валанцёраў і ў колах дэмсіл ужо на тэрыторыі Польшчы. Па дадзеных польскага рэестра юрыдычных асоб, у снежні 2022 года Міхаіл Паветка пад выглядам Максіма Кандратовіча стаў адным з заснавальнікаў польскай кампаніі Arkmaxx group. У жніўні 2023-га ў склад заснавальнікаў фірмы з фальшывым пашпартам на імя Дзмітрыя Пратасевіча ўвайшоў і Юры Кізюк”.

Зыходзячы са справаздачных даных, кампанія “не вядзе ніякай дзейнасці і, верагодна, была створана для наладжвання новых кантактаў і ўмацавання легенд разведчыкаў”, сказана ў матэрыяле.

У прэс-службе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення БРЦ паведамілі, што ведаюць пра сітуацыю і ёю “ўжо займаюцца спецыяльныя службы Польшчы”.

“Прадастаўленне публічнасці інфармацыі аб гэтай справе на дадзены момант можа перашкодзіць працы польскіх праваахоўных органаў”, — гаворыцца ў каментары НАУ.

5 лістапада стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы перадало ў суд матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да двух мужчын, якія абвінавачваюцца ў шпіянажы на карысць беларускай разведкі.

Адзначаецца, што фігурантамі справы з’яўляюцца 53-гадовы грамадзянін Беларусі Мікалай М. і 59-гадовы грамадзянін Польшчы Бернард Ш. Падкрэсліваецца, што абодва фігуранты прызналі сябе вінаватымі.

БРЦ заснаваны незалежнымі журналістамі ў 2018 годзе. Каманда медыяпраекта вымушана была з’ехаць з Беларусі ў 2021 годзе пасля разгрому сілавікамі студыі ў Мінску.

15 верасня Вярхоўны суд прызнаў БРЦ “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Падзяліцца: