Мінск 18:35

У Магілёве на тэрыторыі ваенкамата пройдуць “планавыя заняткі з прымяненнем сродкаў імітацыі”

12 лістапада, Позірк. Аб правядзенні ў Магілёве “планавых заняткаў з прымяненнем сродкаў імітацыі” паведамляе тэлеграм-канал абласной дзяржгазеты “Магілёўскія ведамасці”.

Мерапрыемствы пройдуць 12 і 21 лістапада на тэрыторыі абласнога зборнага пункта ваенкамата.

“Падчас мерапрыемстваў будзе задзейнічана стралковая зброя і святло-шумавыя імітацыйныя піратэхнічныя сродкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ўсе мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнасці з планам і “не ўяўляюць небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян”.

На фоне абвастрэння адносін з Захадам і падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне рэжым Аляксандра Лукашэнкі рэгулярна праводзіць розныя вайсковыя вучэнні, трэніроўкі, зборы.

30 кастрычніка паведамлялася аб антытэрарыстычных вучэннях у Астравецкім раёне (Гродзенская вобласць), мэтай якіх была названа “праверка гатоўнасці органаў улады да ўзаемадзеяння і рэагавання на акты тэрарызму”.

Міністэрства абароны ўвесь час праводзіць манеўры розных родаў войскаў. Напярэдадні выбараў МУС актывізавала падрыхтоўку.

Падзяліцца: