Мінск 04:53

Мытнікі распачалі крымінальныя справы за фіктыўныя суправаджальныя дакументы пры ўвозе грузаў з Літвы

Фота: ДМК

12 лістапада, Позірк. Гродзенскія мытнікі фіксуюць павелічэнне колькасці фактаў падробкі суправаджальных дакументаў на тавары, якія перамяшчаюцца праз мяжу, для ўезду ў пункты пропуску па-за чаргой, паведамляе прэс-служба ДМК.

“Толькі за апошні месяц мытнікі ў зонах чакання з сістэмай электроннай чаргі паблізу пунктаў пропуску Каменны Лог і Беняконі ўстанавілі шэсць фактаў наўмыснага прадастаўлення няправільных звестак аб перамяшчаемых таварах, каб перасекчы беларуска-літоўскую мяжу без чаргі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Напрыклад, “пры фактычным перамяшчэнні тавару “згушчонка, круасаны”, у дакументах значыліся “памідоры”, альбо “бульба замарожаная” была заяўлена як “бульба харчовая”.

Па двух выяўленых фактах Гродзенскай рэгіянальнай мытняй узбуджаны крымінальныя справы па прыкметах учынення злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 380 (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў) КК.

Гэтая частка артыкула прадугледжвае максімальна пакаранне — да двух гадоў абмежавання волі.

Па астатніх выпадках праводзіцца праверка.

Першачарговы ўезд у пункт пропуску з зоны чакання прадастаўляецца грузавым транспартным сродкам, якія ажыццяўляюць перавозку небяспечных, скорапсавальных грузаў або жывёл, пры наяўнасці дакументаў, якія гэта пацвярджаюць, нагадалі ў ДМК.

Краіны ЕС закрылі частку пунктаў пропуску на граніцы з Беларуссю з-за абвастрэння адносін з Мінскам пасля падзей 2020 года.

Закрыццё сумежных пунктаў пропуску з беларускім бокам звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на граніцы Беларусі і краін ЕС, які прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

На мяжы з Літвой дзейнічае два пункты пропуску: Каменны Лог (Мядзінінкай) і Беняконі (Шальчынінкай).

Падзяліцца: