Мінск 16:08

Прэзідэнт Польшчы адмовіўся пазіраваць для супольнага фота сусветных лідараў на кліматычным саміце праз Лукашэнку

Сумеснае фота ўдзельнікаў саміту ў Баку
Крыніца: india.un.org

12 лістапада, Позірк. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда не з’явіўся для супольнага фатаграфавання з іншымі лідарамі, якія прысутнічалі на кліматычным саміце ў Баку (Азербайджан), бо сярод іх быў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе TVP.

Летась на кліматычным саміце ў Дубаі (ААЭ) прэзідэнты Літвы Гітанас Наўседа, Латвіі Эдгарс Рынкевічс і Дуда таксама адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам.

Раней СМІ паведамлялі, што кліматычны саміт ААН сёлета прапусцяць лідары многіх дзяржаў: прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Олаф Шольц, прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо, прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі, прэм’ер-міністр ПАР Сірыл Рамафоса, прэм’ер-міністр Аўстраліі Энтані Албанэзе.

Ад паездкі ў Баку адмовіліся старшыня КНР Сі Цзіньпін і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен таксама прапускае саміт.

Лукашэнка прыбыў у Баку для ўдзелу ў саміце 11 лістапада. Раней яго прэс-служба анансавала спіч, у якім ён “акрэсліць нацыянальную пазіцыю Беларусі па пытаннях парадку дня, звязаных са змяненнем клімату і мерамі, якія міжнародная супольнасць павінна распачаць для вырашэння выклікаў, што ўзнікаюць у гэтай сферы”.

29-я Канферэнцыя ААН аб змяненні клімату (COP29) сёлета паходзіць пад дэвізам “У знак салідарнасці за больш зялёны свет” у сталіцы Азербайджана з 11 па 22 лістапада.

Падзяліцца: