Мінск 19:59

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”: Лукашэнка спрабуе стварыць ілюзію канкурэнцыі

Ілюстрацыйнае фота: mlyn.by

12 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка спрабуе стварыць ілюзію канкурэнцыі на выбарах, але ў сучасных рэпрэсіўных умовах гэта нават пры прыкладанні вялікіх высілкаў будзе выглядаць як фікцыя. Так юрысты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пракаментавалі заявы двух з сямі кандыдатаў у прэзідэнты пра выхад з электаральнай кампаніі на карысць Аляксандра Лукашэнкі.  

“Падобныя выказванні падстаўных кандыдатаў у прэзідэнты — заканамерная з’ява, бо яны самі не могуць рэалізаваць сваё права ўдзельнічаць у кіраванні краінай” , — лічаць юрысты.

Паводле іх меркавання, у краіне, дзе дзяржава “рэпрэсуе любыя праявы іншадумства”, удзел у кіраванні краінай “немагчыма разглядаць ізалявана”, гэта працяглы працэс, які патрабуе “адкрытага і сумленнага дыялогу паміж грамадствам і ўладай”.

Эфектыўнае ажыццяўленне права на ўдзел у грамадскім жыцці, падкрэслілі юрысты, магчымае “толькі пры наяўнасці ўмоваў, дзе ўсе правы чалавека паважаюцца і дасяжныя: права на роўнасць і недыскрымінацыю, свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый”.

12 лістапада аб рашэнні спыніць удзел у электаральнай кампаніі паведамілі старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргей Бобрыкаў і былая прэс-сакратар МУС, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава.

Пасля самаадводу Бобрыкава і Чамаданавай за вылучэнне кандыдатамі подпісы збіраюць пяць прэтэндэнтаў: Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў. Адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку ўсе, акрамя Канапацкай.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. 

Падзяліцца: