Мінск 16:44

У Польшчы па падазрэнні ў спробе падпалу затрыманы беларус

Фота: АУБ

13 лістапада, Позірк. Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) 6 лістапада затрымалі ў Варшаве грамадзяніна Беларусі, паведамляецца на сайце спецслужбы.

Яго падазраюць у спробе падпалу аб’екта, размешчанага ў Гданьску.

Адзначаецца, што гэта “чарговы арышт у рамках расследавання дзейнасці арганізаванай злачыннай групы, якая па замове замежных спецслужбаў здзяйсняла дыверсіі, у прыватнасці, падпалы”.

“У студзені і траўні гэтага года Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала грамадзян Польшчы, Украіны і Беларусі, адказных за падпалы аб’ектаў у Гданьску, Гдыні і Марэках, а таксама рыхтаваліся падпаліць аб’екты ва Уроцлаве”, — гаворыцца ў паведамленні.

АУБ заяўляе, што “ў ходзе праведзеных працэсуальных дзеянняў былі выяўленыя прадметы, якія маглі быць выкарыстаны для здзяйснення далейшых дыверсійных актаў падобнага роду”.

Затрыманаму прад’яўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 258 (удзел у арганізаванай злачыннай групе) і ч. 7 арт. 130 (шпіянаж) Крымінальнага кодэкса Польшчы.

Падкрэсліваецца, што ў сукупнасці паводле гэтых артыкулаў “прадугледжана пакаранне аж да пажыццёвага пазбаўлення волі”.

У рамках расследавання грамадзянін Беларусі затрыманы на тры месяцы.

28 траўня стала вядома, што АУБ затрымала ў Варшаве траіх падазраваных у здзяйсненні і падрыхтоўцы падпалаў і дыверсій на тэрыторыі краіны.

Заяўлялася, што ў ліку затрыманых паляк і два беларусы. Адзін з беларускіх грамадзян можа быць экс-супрацоўнікам МУС, другі —  раней судзімым былым байцом ММА.

Паводле даных аб’яднання былых сілавікоў ByPol, усе трое затрыманых па “справе аб падпалах” раней удзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны на баку УСУ, служылі ў складзе батальёна “Тэрор”. Пры гэтым яны “выкарыстоўваліся расійскімі спецслужбамі “наўгад”, выконваючы за грошы ў Польшчы крымінальныя заказы”.

21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расіяй спробах дыверсій ёсць грамадзяне Беларусі. Гаворка ішла, у прыватнасці, аб спыненай спробе падпалу завода па вытворчасці фарбаў ва Уроцлаве.

Падзяліцца: