Мінск 22:48

Маці і сын загінулі на пажары ў Навагрудку

Скрыншот: СК

13 лістапада, Позірк. Раніцай 13 лістапада ў Навагрудку (Гродзенская вобласць) пры ліквідацыі пажару ў прыватным доме ратавальнікамі выяўленыя целы 89-гадовай жанчыны і яе 61-гадовага сына, паведамляе Следчы камітэт (СК).

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, апытваліся відавочцы і супрацоўнікі МНС.

Паводле інфармацыі СК, папярэдне разглядаецца некалькі версій узнікнення пажару, у тым ліку неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Адзначаецца, што Навагрудскім раённым аддзелам СК па факце пажару праводзіцца праверка, падчас якой будуць устаноўлены абставіны здарэння.

12 лістапада на пажарах у Беларусі загінула тры чалавекі, вынікае з штодзённай зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ад агню сканалі мужчыны 1960 і 1980 гадоў нараджэння адпаведна ў Нясвіжскім і Дзяржынскім раёнах Мінскай вобласці, а таксама жыхар Гомельскага раёна (1962).

Паводле звестак МНС, з пачатку года ў Беларусі адбылося 5.395 пажараў — на 8,9% больш, чым за аналагічны леташні перыяд (4.956). У выніку надзвычайных здарэнняў (у асноўным пажараў) загінула 450 чалавек (390; +15,4%), у тым ліку 11 дзяцей (5; рост у 2,2 разы). Траўмаваны 531 чалавек (461; +15,2%).

Падзяліцца: