Мінск 22:51

У зняволенні знаходзіцца 17 прафсаюзных актывістаў — “Вясна”

Прадстаўніца незалежнага прафсаюзнага руху, палітзняволеная Вольга Брыцікава
Скрыншот: архіўны відэазапіс БНП

13 лістапада, Позірк. За чатыры гады ў Беларусі знішчаны незалежны прафсаюзны рух, 17 яго прадстаўнікоў дагэтуль знаходзяцца за кратамі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, на 13 лістапада ў месцах зняволення застаюцца: кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук, былы кіраўнік прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч, актывіст прафсаюзу РЭП Вячаслаў Арэшка, лідар незалежнага прафсаюзу наваполацкага ААТ “Нафтан” Вольга Брыцікава, кіраўнік першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве “Гродна Азот” Аляксандр Ханевіч, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі свабоднага саюза металістаў на МАЗе Арцём Жарнак, актывіст Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Аляксандр Кандрацюк, супрацоўнікі Беларускай чыгункі Ганна Аблаб, Сяргей Дзюба, супрацоўнік Беларускага металургічнага завода Аляксандр Гашнікаў, работнікі цэха “Аміяк-3” на “Гродна Азот” Андрэй Пагерыла, Валянцін Цярэневіч, Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, былыя юрысконсульты ААТ “Нафтан” завода “Палімір” Аляксандр Капшуль і Ігар Мінц, работнік ЗАТ “Атлант” Сяргей Шамецька.

Усяго, паводле даных “Вясны”, за перыяд з верасня 2020 па 2024 год было затрымана больш за 50 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і арганізатараў стачкамаў на прадпрыемствах. Многія з іх падвергліся крымінальнаму пераследу.

Праваабаронцы адзначаюць, што 18 ліпеня 2022 года Вярхоўны суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі і роспуску БКДП, а некалькімі днямі раней яго чатырох сяброўскіх арганізацый. Суд прызнаў прафсаюзы “экстрэмісцкімі арганізацыямі”. Першым “экстрэмісцкім фарміраваннем” у Беларусі 18 кастрычніка 2021 года была прызнана ініцыятыва “Рабочы рух”, якая займаецца абаронай правоў працоўных.

Падкрэсліваецца, што міжнародная арганізацыя працы (МАП) і аб’яднанне глабальных прафсаюзаў IndustriALL не прызналі ліквідацыю беларускімі ўладамі БКДП і яго структур.

Юрыст “Вясны” Алег Мацкевіч падкрэсліў, што ў Беларусі існуе “карэнным чынам адрозная ад цывілізаванай мадэлі форма сацыяльнага партнёрства, заснаванага на трохбаковых адносінах “дзяржава — наймальнікі — работнікі”. “Замест раўнапраўнага і ўзаемадапаўняльнага дыялогу паміж імі адбылося іх фактычнае зліццё і кансалідацыя інтарэсаў пад кіраўніцтвам дзяржавы”, — адзначыў праваабаронца.

Пры гэтым, на яго думку, дзяржава замест функцыі арбітра паміж наймальнікамі і рабочымі “падпарадкавала іх сваім інтарэсам і пазбавіла самастойнасці”.

1 лістапада Аляксандр Лукашэнка пахваліў праўладную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі за “вернасць прынцыпам справядлівасці і салідарнасці”. Адметна, што ініцыятыўную групу па вылучэнні Лукашэнкі на выбары прэзідэнта ўзначаліў кіраўнік ФПБ Юрый Сянько.

Падзяліцца: