Мінск 13:50

Другі месяц запар Беларусь не з’яўляецца лідарам у ЕАЭС ні па адным з асноўных паказчыкаў

13 лістапада, Позірк. Па выніках студзеня — верасня Беларусь была на другім месцы ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па чатырох з сямі асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных статыстычнага агляду Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Другі месяц запар у краіны няма лідзіруючых пазіцый. Гэта кантрастуе з яе становішчам па выніках сямі месяцаў, калі яна была на першым месцы па двух паказчыках.

Вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў ЕАЭС за дзевяць месяцаў павялічылася на 0,2% (тут і далей да аналагічнага перыяду 2023-га): у Казахстане — на 11,4%, Кыргызстане — на 6,7%, Беларусі — на 5,1%, Арменіі — на 2%; у Расіі адзначаны спад на 2,3%.

Прамысловая вытворчасць у саюзе вырасла на 4,4%: у Арменіі — на 12,6%, Беларусі — на 6,4%, Расіі — на 4,4%, Кыргызстане — на 4,2%, Казахстане — на 3,1%.

Аб’ём выкананых будаўнічых работ стаў большым на 3,4%: у Кыргызстане — на 38,3%, Казахстане — на 10,1%, Беларусі — на 7,8%, Арменіі — на 6,3%, Расіі — на 2,5%.

Грузаабарот усімі відамі транспарту павялічыўся на 0,5%: у Кыргызстане — на 6,2%, Беларусі — на 2,6%, Казахстане – на 0,9%, Расіі — на 0,4%; у Арменіі падзенне склала 6,5%.

Усімі відамі транспарту перавезена на 7,4% больш пасажыраў: у Казахстане — на 14,1%, Беларусі — на 9,1%, Расіі — на 6,7%, Кыргызстане — на 5,1%; у Арменіі спад на 22,8%.

Абарот рознічнага гандлю ў ЕАЭС павялічыўся на 7,9%: у Кыргызстане — на 12,7%, Беларусі — на 11,8%, Расіі — на 7,8%, Казахстане — на 7,3%, Арменіі — на 4,1%.

У эксплуатацыю ўведзена на 2,6% больш жылля: у Арменіі — у 1,7 разы, Кыргызстане — на 8,3%, Казахстане — на 6,2%, Беларусі — на 2,5%, Расіі — на 1,8%.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.

Падзяліцца: