Мінск 22:47

За “перашкоду выбарам і рэферэндуму” з 2020 года асудзілі 20 чалавек — “Вясна”

Фота: "Позірк"

13 лістапада, Позірк. Не менш за 20 чалавек асуджана ў Беларусі з 2020 года паводле арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, <…> працы Цэнтральнай выбарчай камісіі), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Па справах, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, да рознага пакарання прыгаворана восем чалавек, з правядзеннем рэферэндуму ў 2022 годзе — 12.

Завочна па “справе зрыву рэферэндуму 2022 года” асуджаныя кіраўнік ініцыятывы “Сумленныя людзі” Алена Жылачкіна (Жываглод), стваральнік платформы для галасавання “Голас” Павел Лібер, кіраўнік праекта “Маланка Медыя” Павел Марыніч і палітык, старшы саветнік Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

У “перашкодзе выбарам і рэферэндуму” паводле арт. 191 КК завочна абвінавачваліся таксама Ціханоўская, палітык Вольга Кавалькова, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, адзначае “Вясна”.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. У дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведнае рашэнне, 23 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прыме ў іх удзел.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: