Мінск 16:37

Сустрэча Калеснікавай з бацькам адбылася па асабістым дазволе Лукашэнкі

Фота: тэлеграм-канал Рамана Пратасевіча

13 лістапада, Позірк. Падрабязнасцямі сустрэчы з палітзняволенай Марыяй Калеснікавай падзяліўся яе бацька Аляксандр Калеснікаў.

Відэакаментарый Калеснікава апублікаваў у сваім тэлеграм-канале Раман Пратасевіч, былы супрацоўнік найбуйнейшага апазіцыйнага тэлеграм-канала Nexta, які цяпер супрацоўнічае з уладамі.

Сустрэча працягвалася каля паўтары гадзіны. Паводле слоў бацькі, палітзняволеная адчувала сябе “бадзёрай, прыгожай”, яе стан не выклікаў непакою.

“Што тычыцца нашых з ёй размоваў, то тут было шмат часу нададзена сямейным пытанням: сваякі, сябры, блізкія. Ну і, вядома, мы не абышлі тэму цяперашняй сітуацыі. Я пастараўся данесці да яе тыя змены, якія адбываюцца, і расказаць пра акно магчымасцяў, якія адкрыліся, дзякуючы чаму адбылася наша сустрэча”, — сказаў мужчына.

“Пра астатняе”, дадаў ён, палітзняволеная “будзе разважаць, будзе думаць”.

Калеснікаў назваў спатканне з дачкой “незабыўна цёплым” і падзякаваў людзям, якія арганізавалі сустрэчу.

“Я думаю, у далейшым адбудуцца яшчэ большыя змены, якія дазволяць нам з Машай быць яшчэ бліжэй у зносінах. Я жадаю ўсім бацькам, якія ў тым жа становішчы, што і я, знаходзіць шляхі, каб такія сустрэчы сталі магчымыя. Для гэтага трэба шукаць дзверы, стукацца і, я думаю, усё атрымаецца”, — адзначыў Калеснікаў.

У сваю чаргу Пратасевіч паведаміў, што ён падтрымлівае кантакты з вялікай колькасцю людзей, чыім блізкім таксама “патрэбная дапамога”.

“Мы з ім (Калеснікавым. — Позірк“.) неаднаразова стэлефаноўваліся, перапісваліся, сустракаліся, абмяркоўвалі, як усё можна ажыццявіць. Урэшце мы сышліся на тым, што ён напісаў зварот на імя кіраўніка дзяржавы з просьбай арганізаваць сустрэчу бацькі і дачкі”, — сказаў былы блогер.

Паводле слоў Пратасевіча, ён паспрыяў таму, каб зварот хутчэй “патрапіў на стол” Лукашэнкі. 11 лістапада, дадаў ён, стала вядома, што “атрыманы станоўчы адказ”.

13 лістапада сястра палітзняволенай Таццяна Хоміч паведаміла, што Калеснікава знаходзіцца ў медыцынскай частцы жаночай папраўчай калоніі №4 у Гомелі.

Калеснікава сустрэлася з бацькам 12 лістапада ў гомельская калоніі.

У інтэрв’ю BBC 23 кастрычніка ў Казані, дзе праходзіў саміт БРІКС, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць разгледзець прашэнне Калеснікавай аб памілаванні.

Журналіст Стыў Розенберг спытаў, чаму ў яе ўжо доўгі час “няма допуску да сям’і”. “Якой сям’і? — адрэагаваў Лукашэнка. — А дзе яе сям’я, вы хоць ведаеце? Вы нават не ведаеце, што за сям’я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям’я? Хтосьці яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба — мы яе разгледзім”.

“Там, магчыма, такая сям’я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. Вы дбаеце за яе больш, чым родныя і блізкія. Таму калі нават вы звярніцеся, мы вашую заяву разгледзім. Я кажу: разгледзім. “Так”, “не “— гэта будзе бачна потым”, — сказаў Лукашэнка.

Сястра Калеснікавай Таццяна Хоміч заявіла “Позірку”, што сям’я вітае гатоўнасць разгледзець заяву аб памілаванні.

Асуджаная 6 верасня 2021 года на 11 гадоў пазбаўлення волі Марыя Калеснікава была спікерам і кіраўніком выбарчага штаба былога старшыні праўлення “Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Пасля затрымання экс-банкіра далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц Аб’яднанага штаба разам з Веранікай Цапкала, жонкай яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валера Цапкалы.

У лістападзе 2022 года Калеснікаву экстранна прааперавалі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У палітвязня дыягнаставалі перытаніт (запаленне брушыны), які стаў ускладненнем прабадной язвы. Тады ж яна апошні раз бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў медчастцы.

З-за інфармацыйнай блакады (рэжым інкамунікада) звестак пра стан Калеснікавай не было больш за паўтара гады. Заклапочанасць сітуацыяй неаднаразова выказвалі дэмакратычныя краіны Захаду.

Па-ранейшаму многія месяцы няма звестак пра іншых вядомых палітвязняў, у тым ліку Віктара Бабарыкі, Мікалая Статкевіча і інш.

Падзяліцца: