Мінск 07:21

Генпракуратура: За дзевяць месяцаў 2024 года зарэгістравана 1.058 карупцыйных злачынстваў

13 лістапада, Позірк. За студзень — верасень 2024 года ў Беларусі зарэгістравана 1.058 карупцыйных злачынстваў, паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Ігар Грэйба 13 лістапада на семінары, прысвечаным пытанням удасканалення процідзеяння карупцыі ў дзяржаўных органах і арганізацыях.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Генпракуратуры, сёлета колькасць карупцыйных злачынстваў знізілася на 87 (за аналагічны перыяд 2023-га — 1.145; -7,6%).

Прадстаўнік нагляднага органа падкрэсліў, што “дзякуючы мерам стрымлівання і ранняй прафілактыкі ў нас у краіне карупцыя не перавышае 2% у структуры агульнай злачыннасці”.

На прэс-канферэнцыі 16 кастрычніка супрацоўнік упраўлення Арцём Ігнаценка паведаміў, што ў 2023 годзе “ўлічана 1.253 карупцыйныя злачынствы, адказнасці падвергнута 924 асобы”.

Ён таксама адзначыў, што за дзевяць месяцаў 2024 года “ўстаноўлена 720 крымінальна каральных дзеянняў гэтай катэгорыі і 623 асобы, якія іх учынілі”.

Найбольш схільнымі да “карупцыйнага пранікнення” сферамі Ігнаценка назваў сельскую гаспадарку, прамысловасць, гандаль і дзяржаўнае кіраванне.

70% выпадкаў подкупу, паводле яго слоў, выяўляецца ў “закупачнай дзейнасці, выкананні дагавораў і аказанні іншага заступніцтва, так званага “крышавання” (ад рускага слова “крыша”, “дах”. — “Позірк”.) камерцыйным структурам”.

Паводле інфармацыі Вярхоўнага суда, у першай палове 2024 года за карупцыйныя злачынствы асуджана 328 чалавек, або на 4,4% менш, чым за аналагічны леташні перыяд.

Найбольшая колькасць фігурантаў карупцыйных спраў — 185 — асуджаная паводле арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Па арт. 430 (дача хабару) праходзіла 68 чалавек, па ч. 2, 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) — 39.

Згодна з “Індэксам успрымання карупцыі”, які штогод вылічаецца міжнароднай няўрадавай арганізацыяй Transparency International (штаб-кватэра ў Берліне), у 2023 годзе сітуацыі з карупцыяй у Беларусі пагоршылася. Па выніках года краіна атрымала 37 балаў (супраць 39 у 2022-м і 41 у 2021-м) і падзяліла 98-е месца з Албаніяй, Аргенцінай, Эфіопіяй, Гамбіяй і Замбіяй (годам раней заняла 91-е).

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў сярэдзіне 1990-х гадоў шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.

Падзяліцца: