Еўрапарламентарыі назвалі беларускія выбары “насмешлівай інсцэніроўкай”
13 лістапада, Позірк. “Напярэдадні так званых прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца 26 студзеня 2025 года, сітуацыя з правамі чалавека імкліва пагоршылася”. Пра гэта гаворыцца ў заяве ад імя бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента (ЕП) па сувязях з Беларуссю, якую падпісалі кіраўнік дэлегацыі Малгажата Гасеўска (Польшча) і спецдакладчык па Беларусі камітэта па міжнародных справах ЕП Хельмут Брандштэтэр (Аўстрыя). Заява была прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, які адзначаецца ў памяць пра мастака Рамана Бандарэнку, які памёр 12 лістапада 2020 года ад збіцця супрацоўнікамі сілавых структур.
Еўрадэпутаты звяртаюць увагу, што рэжым “узмацніў пераслед кандыдатаў, ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і грамадзян, якія ў 2020 годзе сваімі подпісамі падтрымалі вылучэнне незалежных кандыдатаў”. “Апошнім часам паведамляецца пра трывожнае павелічэнне адвольных затрыманняў, якія могуць быць прыроўненыя да гвалтоўных знікненняў. У гэтай сітуацыі насмешлівую інсцэніроўку ў студзені 2025 года нельга расцэньваць як выбары”, — падкрэсліваюць парламентарыі.
“У сувязі з гэтым, гаворыцца ў дакуменце, — мы зноў патрабуем ад рэжыму ў Беларусі поўнай павагі правоў чалавека, права на свабоду аб’яднанняў, у тым ліку для палітычных партый, і поўнага выканання міжнародных стандартаў АБСЕ па выбарах, прынятых Камітэтам па правах чалавека ААН. Права кожнага грамадзяніна, які пражывае ў Беларусі або за яе межамі, абіраць і быць абраным, а таксама права на доступ да дзяржаўнай службы павінны выконвацца ў поўнай ступені”, — гаворыцца ў заяве.
Парламентарыі падкрэсліваюць, што Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю быў заснаваны ў памяць Рамана Бандарэнкі і “сотняў іншых мужных беларусаў, якія страцілі жыццё і свабоду пры адстойванні дэмакратычнай спадчыны незалежнай беларускай дзяржавы”. Смерць Бандарэнкі “ніколі не расследавалася, вінаватыя ніколі не прыцягваліся да адказнасці”.
У заяве нагадваецца пра смерць сямі палітвязняў, канстатуецца “непахісная падтрымка і салідарнасць з народам Беларусі ў яго імкненні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай будучыні сваёй Радзімы, часткі еўрапейскай сям’і”. Пацвярджаецца “рашучасць умацоўваць сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале са Святланай Ціханоўскай у іх барацьбе за дэмакратычныя перамены ў Беларусі”.
“Праз чатыры гады пасля мірных пратэстаў 2020 года дэмакратычныя памкненні людзей у Беларусі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і пераследам. Сёння больш за 1.300 апанентаў (гаворка пра тых, каго праваабаронцы прызналі палітвязнямі. — “Позірк”.) застаюцца ў турмах, утрымліваюцца ў жахлівых умовах, без доступу да належнай медыцынскай дапамогі і сувязі з сем’ямі, якія не ведаюць пра іх лёс. Паказальны факт, што сярод іх лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Некалькі вядомых апазіцыянераў, такіх як Максім Знак, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік, больш за год утрымліваюцца ў ізалятарах, што груба парушае абавязацельствы Беларусі па міжнародным праве”, — адзначаецца ў дакуменце.
Нагадваецца, што, паводле інфармацыі спецдакладчыка ААН, Беларусь “упарта не выконвае рэкамендацыі праваабарончых органаў і механізмаў ААН, у прыватнасці, адносна адвольных затрыманняў, катаванняў, права на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў, аб’яднанняў і ўдзелу ў вядзенні грамадскіх спраў, а таксама, што важна, забеспячэння адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека”.
“Рэжым Лукашэнкі мае поўную падтрымку гэтай палітыкі з боку расійскага ўрада. У сувязі з гэтым мы самым рашучым чынам асуджаем сістэматычны пераслед палітычных апанентаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, праваабаронцаў і прафсаюзаў, які можа быць кваліфікаваны як злачынства супраць чалавечнасці і карацца ў адпаведнасці з міжнародным правам і механізмамі, напрыклад санкцыямі”, — гаворыцца ў заяве.
Увечары 11 лістапада 2020 года невядомыя зрэзалі белыя і чырвоныя стужкі, якія ўпрыгожвалі “плошчу Пераменаў” (двор на вул. Чарвякова ў Мінску). 31-гадовы Бандарэнка паспрабаваў умяшацца, яго збілі, даставілі ва УУС Цэнтральнага раёна, адкуль ён праз некалькі гадзін паступіў у бальніцу хуткай дапамогі ў коме. Памёр на наступны дзень, не прыходзячы ў прытомнасць.
Улады і дзяржаўныя СМІ паспрабавалі ачарніць Бандарэнку пасля смерці, заявіўшы, што ён быў п’яны. 13 лістапада гэтае сцвярджэнне дакументальна зняпраўдзіла ў сваім артыкуле журналістка Кацярына Барысевіч. Праз тыдзень яе і лекара Арцёма Сарокіна, які падаў адпаведнае медыцынскае заключэнне, затрымалі. Пасля за разгалашэнне медычнай таямніцы Барысевіч была асуджаная на 6 месяцаў пазбаўлення волі (вызвалілася 19 траўня 2021 года), Сарокіна — на 2 гады з адтэрміноўкай на год.
15 лістапада 2020 года ў адной з кватэр дома на “плошчы Пераменаў” затрымалі журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і аператара Дар’ю Чульцову, якія вялі прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Бандарэнкі. Абедзве былі прыгавораныя да 2 гадоў пазбаўлення волі за “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак” (у ліпені 2022-га Андрэеву прызналі вінаватай у “здрадзе дзяржаве” і асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі, Чульцова ў верасні таго ж года вызвалілася).
18 лютага 2021 года Генпракуратура паведаміла аб узбуджэнні крымінальнай справы “па факце наўмыснага прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць Бандарэнкі рамана Ігаравіча” (ч. 3 арт. 147 КК). Пры гэтым было заяўлена, што “дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р.і. цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена”. Праз сем месяцаў гэтае ж ведамства прыпыніла расследаванне “з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага”.
У жніўні 2022 года ананімныя хакеры з групы “Кіберпартызаны” апублікавалі запіс тэлефонных размоў прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, старшыні Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава (цяпер чалец Савета Рэспублікі) і спартоўца Дзмітрыя Шакуты пра паездку на “плошчу Пераменаў ” 11 лістапада 2020 года, калі там быў збіты Бандарэнка, а пасля — пра абставіны яго смерці. ДзяржСМІ не сталі адмаўляць сапраўднасць аўдыёзапісаў, але назвалі іх інсцэніроўкай пад кантролем спецслужбаў.
Праваабаронцы перакананыя, што Бандарэнка загінуў “у выніку ўзгодненых дзеянняў прадстаўнікоў МУС і арганізаванага з ведама і пры адабрэнні ўладаў атрада карнікаў-добраахвотнікаў з ліку прыхільнікаў і набліжаных Лукашэнкі”.
12 лістапада з заявай у сувязі з чацвёртай гадавінай гібелі Бандарэнкі выступілі акрэдытаваныя ў Беларусі дыпмісіі заходніх дзяржаў.
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаСярод падыходаў у апазіцыйнай палітыцы становіцца бачны новы — "прымірэнне", лічыць ДракахрустМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ПалітыкаПра двух палонных байцоў палка Каліноўскага больш за два гады няма ніякіх звестак — камандзір ПККМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаУ палку Каліноўскага не ведаюць, як іх былы баец Максім Ралько апынуўся ў БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаКамандзір ПКК пра сітуацыю з Верамейчыкам: Некаторыя справы трэба рабіць ціха (дапоўнена)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ПалітыкаКамандзір ПКК пра сітуацыю з Верамейчыкам: Некаторыя справы трэба рабіць ціхаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская і міністр замежных спраў Канады абмеркавалі магчымасць выдачы ордэру на арышт Лукашэнкі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка