Мінск 14:21

Расійскія беспілотнікі чацвёртую ноч запар залятаюць у Беларусь — УСУ

13 лістапада, Позірк. Чацвёртую ноч запар у паветраную прастору Беларусі ўрываліся расійскія беспілотныя лятальныя апараты, вынікае з інфармацыі камандавання Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны.

Паведамляецца, што мінулай ноччу (з 21:00 12 лістапада) Расія ўжыла супраць Украіны 90 ударных БПЛА тыпу Shahed і “неўстаноўленага тыпу”.

“Па стане на 10:00 пацверджана збіццё <…> 37 БПЛА праціўніка <…>. 47 варожых беспілотнікаў лакальна страчаныя ў розных рэгіёнах Украіны, яшчэ два расійскія БПЛА выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Беларусі і Расіі”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” паведаміла, што за ноч “зафіксавана як мінімум 12 заходаў расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу “шахед” у Беларусь з Украіны”. Пры гэтым упершыню за чатыры дні была паднятая ў паветра дзяжурная авіяцыя ВПС Беларусі. “Знішчальнік з Баранавічаў (Брэсцкая вобласць) узляцеў каля 07:40 раніцы і вярнуўся на базу ў 08:45”, — адзначаецца ў паведамленні.

Беларускія ўлады аб заходзе расійскіх беспілотнікаў на тэрыторыю Беларусі ў ноч на 13 лістапада не паведамлялі.

Раней украінскія Паветраныя сілы паведамлялі аб залёце на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 17, 18, 20, 22, 26, 27, 28 кастрычніка, 1, 3, 10, 11, 12 лістапада.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў неспрактыкаванасцю аператараў, адзначыўшы, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы апараты губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле заявы Лукашэнкі, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні спецыялістаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады была выказана здагадка, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог зваліцца ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі. Аднак на наступны дзень супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРа” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі беспілотніка, які падаў.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу вайсковай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў было збіта над Гомелем, абломкі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны прызнала факт парушэння мяжы лятальнымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належалі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца памежным, размешчаны прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: