Мінск 23:46

Мінінфарм вынес папярэджанне неназваным сайтам за публікацыю няпоўнай тэлепраграмы

14 лістапада, Позірк. Міністэрства інфармацыі вынесла патрабаванне аб устараненні парушэнняў закона аб СМІ уладальнікам пяці інтэрнет-рэсурсаў за публікацыю няпоўнай тэлепраграмы, паведамляе ведамства.

Адрасаты папярэджання не называюцца.

Сайты публікавалі тэлепраграмы, на якіх “не ў поўным аб’ёме прадстаўлены абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм”, гаворыцца ў рэлізе.

Уладальнікаў інтэрнет-рэсурсаў папярэдзілі, што невыкананне патрабавання Мінінфармацыі аб устараненні парушэнняў заканадаўства аб СМІ або непаведамленне ведамству аб іх устараненні і непрадстаўленне пацвярджаючых дакументаў “з’яўляюцца падставай для прыняцця рашэння аб абмежаванні доступу да інтэрнет-рэсурсу ў адпаведнасці з законам аб СМІ”.

Меркавана гаворка ідзе аб неўключэнні ў праграму перадач “Першага інфармацыйнага” канала, які пачаў вяшчаць 17 верасня.

Гэты канал уключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм адпаведна пастанове ўрада ад 11 верасня № 665. Гэты дакумент унёс змяненні ў пастанову Савета Міністраў ад 13 мая 2015 года № 407 “Аб зацвярджэнні пераліку тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм, і вызначэнні паслядоўнасці (чарговасці ) іх распаўсюджвання”.

Цяпер у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм акрамя “Першага інфармацыйнага” ўваходзяць “Беларусь 1”, “Агульнанацыянальнае тэлебачанне”; “Сталічнае тэлебачанне”, “Мір”, “Расія-Беларусь”; “НТВ-Беларусь”; “Беларусь 2”, “Беларусь 3”, “Беларусь 5”.

Згодна з арт. 261 закона “Аб сродках масавай інфармацыі” распаўсюджвальнікі прадукцыі тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі абавязаны забяспечыць прадастаўленне кожнаму карыстальніку паслуг па трансляцыі тэлепраграм магчымасці прагляду тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм, незалежна ад спосабу іх распаўсюджвання.

У сакавіку 2022 года ўведзены абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку дзяржаўных СМІ. Яны атрымліваюць 10% кошту рэкламных паслуг за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы на транспарце, у астатніх выпадках — 20%. Таксама на фінансаванне “вытворчасці беларускага (нацыянальнага) кантэнту ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі” накіроўваецца 1/26 частка ПДВ, які паступіў у бюджэт пры рэалізацыі паслуг перадачы даных.

Падзяліцца: