Мінск 13:48

Лукашэнка сцвярджае, што за вылучэнне яго кандыдатам у прэзідэнты сабрана 700 тыс. подпісаў

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сяргеенка падпісваецца за Лукашэнку ў фае Авальнай залы Дома ўрада перад пасяджэннем сесіі ПП НС 14 лістапада
Фота: прэс-служба ПП НС

14 лістапада, Позірк. За вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты сабрана 700 тыс. подпісаў, заявіў ён 14 лістапада дзяржСМІ пры наведванні абноўленага стадыёна “Трактар” у Мінску.

“Будзем разам змагацца за той курс, які вызначылі”, — цытуе Лукашэнку неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы “Пул Первого”.

Ён таксама пракаментаваў выхад з электаральнай кампаніі былога прэс-сакратара МУС, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольгі Чамаданавай і старшыні Рэспубліканскай рады грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргея Бобрыкава.

“Я быў прыхільнікам, каб усе партыі, буйныя грамадскія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў, — цытуюць Лукашэнку дзяржСМІ. — Вылучылі: Оля Чамаданава ў нас была і Бобрыкаў. Ну, нармальныя людзі. Канешне, яны прыхільнікі прэзідэнта. І яны ішлі: “Мы ведаем, што прэзідэнт выйграе, але мы не дадзім яго пакрыўдзіць”. Як быццам мяне нехта мог пакрыўдзіць. А потым паглядзелі, паглядзелі: усярэдзіне арганізацый не вельмі гэта разумеюць (іх вылучэнне. — “Позірк”.). І яны: “Лепш мы здымемся”. Ну, як мяне паінфармавалі. Я толькі ўчора даведаўся, што яны зьняліся з гэтай дыстанцыі”.

Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што “няма ніякага страху, што будуць удзельнічаць усе, хто захоча”: “Мы больш не дадзім магчымасць краіну ні нахіліць, ні на калені, не дай бог, паставіць, ні разбурыць”. Гэта выключана, як бы камусьці гэта не хацелася”.

Збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты стартаваў 7 лістапада і завершыцца 6 снежня 2024 года.

Прапагандысцкія СМІ і тэлеграм-каналы ў апошнія дні публікуюць фота з работнікамі розных прадпрыемстваў і арганізацый, якія падпісваюцца за Лукашэнку.

Згодна з Выбарчым кодэксам, для ўдзелу ў выбарах прэзідэнта неабходна сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў у падтрымку кандыдатуры.

12 лістапада Чамаданава прыняла рашэнне спыніць удзел у кампаніі, у гэты ж дзень аб аналагічным рашэнні заявіў Бобрыкаў.

Пасля іх самаадводу за вылучэнне кандыдатамі подпісы збіраюць пяць прэтэндэнтаў: Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Ганна Канапацкая і Сяргей Сыранкоў. Адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку ўсё, акрамя Канапацкай.

Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаны на 26 студзеня 2025 года.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года. З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнана незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Падзяліцца: