Мінск 06:40

Лукашэнка абвінаваціў прэзідэнта Польшчы ў піяры за адмову ад сумеснага фота ў Баку

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

14 лістапада, Позірк. Адмовы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ад сумеснага фатаграфавання з лідарамі дзяржаў на кліматычным саміце ААН у Баку (Азербайджан) “ніхто не заўважыў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада, наведваючы абноўлены стадыён “Трактар” у Мінску.

“Адзін еўрапеец (калі б мне не распавёў [кіраўнік МЗС Максім] Рыжанкоў, я б не ведаў) адмовіўся фатаграфавацца — “сямейнае фота” на саміце ў Баку — таму што там ёсць Лукашэнка. <…> Я там стаяў спакойна. Падышоў пакістанскі прэм’ер, многія падышлі, павіталіся з павагай. Я таксама да іх. Ну, як сям’я. Ніхто не заўважыў, што яго (Дуды. — “Позірк”.) няма. Бачыць ён, што яго не заўважылі, і ён пачаў піярыцца, што не пайшоў фатаграфавацца. Ну і не хадзі. Госпадзе, хто цябе там чакаў!” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

У працяг ён абвінаваціў Польшчу ў будаўніцтве плота на мяжы ў Белавежскай пушчы, ад якога, паводле яго сцвярджэння, гінуць звяры. “Яны ж жах што робяць! Яны выразалі гэтую Белавежскую пушчу, а ён пра расліны распавядае. Я ўжо не стаў яго там чапляць, хоць сабе пазначыў тэзісы. Думаю, ну нельга так”, — сказаў Лукашэнка, рэагуючы на выступ Дуды ў Баку, частка якога была прысвечаная ахове расліннага свету.

12 лістапада паведамлялася, што Дуда не з’явіўся для сумеснага фатаграфавання з іншымі лідарамі, якія прысутнічалі на кліматычным саміце ў Баку (Азербайджан), бо сярод іх быў Лукашэнка.

Летась на кліматычным саміце ў Дубаі (ААЭ) прэзідэнты Літвы Гітанас Наўседа, Латвіі Эдгарс Рынкевічс і Дуда таксама адмовіліся фатаграфавацца з Лукашэнкам.

Польшча пабудавала загароду на мяжы з Беларуссю для процідзеяння нелегальнай міграцыі, якая пры бяздзейнасці беларускіх уладаў працягваецца з вясны 2021 года. Улады Польшчы, Літвы і Латвіі лічаць міграцыйны крызіс “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: