Мінск 06:08

Латушка даў чарговыя паказанні па справе аб пагрозах у свой адрас

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

14 лістапада, Позірк. Намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка 14 лістапада даў паказанні ў якасці пацярпелага па крымінальнай справе аб падбухторванні да забойства.

Як паведаміў палітык у сваім тэлеграм-канале, для дачы паказанняў ён быў запрошаны ў Дэпартамент па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы (горад Лодзь). Запрашэнне накіраваў пракурор, які ажыццяўляе нагляд за расследаваннем справы.

“Кіраўнік НАУ прадаставіў дадатковую інфармацыю і адказаў на пытанні пракурора ў сувязі дадатковымі абставінамі па крымінальнай справе, якія сталі вядомыя. Нацыянальная пракуратура Польшчы працягвае расследаванне крымінальнай справы, тэрмін следства па якой падоўжаны да 24 студзеня 2025 года”, — адзначаецца ў паведамленні.

Папярэднія паказанні па справе Латушку даў 24 ліпеня.

Як паведамляла тады прэс-служба палітыка, расследаванне праводзіцца паводле злачынстваў, прадугледжаных арт. 18, 148 і 130 КК Польшчы “аб падбухторванні ўстаноўленай асобы да забойства, якое ажыццяўлялася асобай, датычнай да дзейнасці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча”.

“Падчас дачы паказанняў мною таксама былі перададзеныя некалькі сабраных пакетаў матэрыялаў з пагрозамі, адрасаванымі як на мой адрас, так і ў дачыненні да прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі, якія працягваюць весці барацьбу супраць рэжыму Лукашэнкі”, — сказаў кіраўнік НАУ.

У палітыка было ўзята абавязацельства аб захаванні таямніцы следства, што “з’яўляецца вельмі важным на дадзеным этапе следчых дзеянняў для таго, каб не перашкодзіць расследаванню і не правакаваць дадатковых пагроз у адносінах да пацярпелага”, гаварылася ў рэлізе.

Следства вядзе Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) пад наглядам пракурора Нацыянальнай пракуратуры аддзела Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў Лодзі.

Інфармацыя аб расследаванні з’явілася 19 ліпеня. Як стала вядома “Позірку”, справа заведзеная па артыкулах аб “падбухторванні да забойства” і “дзейнасці замежных спецслужбаў”.

“Паводле неафіцыйнай інфармацыі з сілавых структур Польшчы, якую я маю, з пачатку года было прадухілена дзве пагрозы ў дачыненні да мяне на польскай тэрыторыі”, — заявіў тады ў каментары “Позірку” Латушка.

“Апошнім часам мы фіксуем актывізацыю спробаў ціску на канкрэтных сяброў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення з боку асобаў, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ. Яны ўжываюць метады подкупу, шантажу, пагроз, рэпрэсій у стаўленні родных і блізкіх чальцоў нашай каманды. У нас зафіксаваныя доказы гэтых дзеянняў”, — сказаў палітык.

Падзяліцца: