Мінск 05:08

У лякарні застаецца адзін пацярпелы ў ДТЗ з аўтобусам Гомель — Уроцлаў, астатнія выпісаныя

Фота: Osp KSRG Łyszkowice

14 лістапада, Позірк. Восем пацярпелых у дарожна-транспартным здарэнні з удзелам аўтобуса Гомель — Уроцлаў на тэрыторыі Польшчы выпісаныя з лякарні.

Пра гэта паведамляе дзяржвыданне “Гомельская праўда” са спасылкай на дырэктара ААТ “Гомельаблаўтатранс” Дзмітрыя Старасценку.

“Адзін пацярпелы застаецца ў лякарні. Яго стан удакладняецца. Дакладна вядома, што ён не цяжкіі не крытычны. Па факце аварыі адпаведнымі службамі, як у нашай краіне, так і ў Польшчы, будзе праводзіцца праверка”, — заявіў Старасценка.

Аўтобус Гомель — Уроцлаў трапіў у ДТЗ на 382-м км дарогі А2 у Польшчы ноччу 14 лістапада, паведамілі экстранныя службы гміны Лышкавіцы (Лодзінскае ваяводства).

Аўтобус, рухаючыся ў напрамку Познані, выехаў на аварыйную паласу, прабіў бар’еры і перакуліўся на бок.

Паведамлялася, што ўсяго ў аўтобусе ехала 11 чалавек, усе яны замежнікі адносна Польшчы.

На месцы здарэння працавала шэсць пажарных падраздзяленняў, медыка-выратавальныя каманды і паліцыя.

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, прадстаўленай дзяржСМІ, у выніку ДТЗ пацярпела шэсць грамадзян Беларусі, яны дастаўленыя ў медыцынскія ўстановы.

Паведамлялася таксама, што амбасада Беларусі “знаходзіцца на сувязі з кампетэнтнымі структурамі, гатова аказаць неабходнае консульска-прававое садзейнічанне”.

У ДТЗ трапіў аўтобус “Ticket-bus” гомельскай фірмы ПГУП “Траса Е95”. Аб магчымых прычынах інцыдэнту не паведамляецца.

24 красавіка ў раёне горада Седльцэ (Мазавецкае ваяводства Польшчы) аўтобус Гданьск — Мінск вылецеў з дарогі ў кювет, дзе перакуліўся на бок і стукнуўся ў дрэва лабавым шклом. У аўтобусе знаходзілася 15 чалавек, сямёра з іх атрымалі траўмы.

Падзяліцца: