Мінск 23:50

На выбарчую кампанію Гайдукевіча ахвяравана 200 рублёў, Канапацкай — ні капейкі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

15 лістапада, Позірк. На 13 лістапада ў выбарчы фонд Аляксандра Лукашэнкі паступіла 427.240 рублёў, расходавана 13.221 рубель, вынікае з інфармацыі, апублікаванай Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

У фонд Вольгі Чамаданавай паступіла 2.400 рублёў (выдаткаў няма), Алега Гайдукевіча — 200 рублёў (выдаткавана 140,88).

У фондах астатніх чатырох дапушчаных да электаральнай кампаніі ўдзельнікаў сродкаў няма.

12 лістапада былая прэс-сакратар МУС, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава прыняла рашэнне спыніць удзел у кампаніі. Пра аналагічнае рашэнне ў той жа дзень заявіў старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Сяргей Бобрыкаў.

За вылучэнне кандыдатамі подпісы збіраюць пяць прэтэндэнтаў: Аляксандр Лукашэнка, Ганна Канапацкая былая сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, і Сяргей Сыранкоў. Адкрыта падтрымліваюць Лукашэнку ўсе, акрамя Канапацкай.

Згодна з пастановай ЦВК, асобы, якія вылучаюцца кандыдатам у прэзідэнты і кандыдаты ў прэзідэнты, маюць права адкрыць фонд, крыніцамі фінансавання якога могуць быць уласныя грашовыя сродкі (не больш за 10.000 базавых велічынь — 400 тыс. рублёў), дабрачынныя ўзносы фізічных асоб (не больш за 30 б.в. ад аднаго чалавека — 1.200 рублёў) і юрыдычных асоб (60 б.в. — 2.400 рублёў).

Паводле даных ЦВК, на два туры прэзідэнцкіх выбараў у 2025 годзе закладзеныя выдаткі ў суме 52.885.000 рублёў. З гэтых сродкаў на першы тур прадугледжана 37.398.798 рублёў, або 11.356.370 долараў паводле падлікаў ЦВК. На выбарах 2020 года, якія прайшлі ў адзін тур, гэтая сума склала 10 млн 233 тыс. долараў.

Выбары прэзідэнта на 26 студзеня 2025 года прызначыла Палата прадстаўнікоў 23 кастрычніка. У той жа дзень Лукашэнка паведаміў, што возьме ў іх удзел.

З 1996 года ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.

Даведка “Позірку”(на падставе звестак ЦВК):

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года больш за ўсё сродкаў паступіла ў фонд Святланы Ціханоўскай — 272.362,28 рубля (выдаткавана 217.055,63 рубля, або 79,7%). На другім месцы быў Лукашэнка — 258.712, 87 (242.978,03, або 93,9%), далей — Андрэй Дзмітрыеў — 6.447,60 (5.481,46, або 85%), Канапацкая — 4.357 (4.163,18, або 95,6%) і Сяргей Чэрачань — 3.300 (3.149, 58, або 95,4%).

Падзяліцца: